Дакладней не жаночая, а бабуліна рапсодыя. Пастарэлі нашы вёскі: мужчыны сталага ўзросту памерлі, маладзейшае пакаленне з’ехала ў горад. І вёска Заполле не выключэнне з агульнага правіла. Засталіся тут дажываць свой век бабулі-ўдовы.
Удосталь напрацаваўшыся ранкам, пакуль не так моцна прыпякала сонца, на сваіх градках, прыселі на лаўцы, каб крыху адпачыць Леаніда Іванаўна Біліда, Леаніда Іванаўна Сантоцкая і Юлія Паўлаўна Сідаровіч. Абгаварыўшы нешматлікія вясковыя падзеі, бабулі перайшлі на абмеркаванне больш маштабных навін, вычытаных у газетах. У руках Юліі Паўлаўны была якраз наша “Зара над Нёманам”. Жанчына прызналася, што з’яўляецца даўнім сябрам раённай газеты.
На вёсцы кожны чалавек навідавоку, тут не схаваеш ні добрага, ні дрэннага. Таму адметная рыса вясковых бабулек — адкрытасць, даверлівасць і шчырасць. На кантакт яны даволі хутка ідуць нават з незнаёмымі людзьмі, варта тым толькі праявіць да іх увагу і зацікаўленасць.
Там, дзе збіраецца больш за дзве жанчыны, якія ўжо размянялі восьмы дзесятак, размова абавязкова заводзіцца аб пражытым і перажытым. Спачатку жанчыны пахваліліся, што яны ўжо не толькі бабулі, але і прабабулі. Летам да іх павінны завітаць у госці праўнукі. У былой настаўніцы пачатковых класаў Леаніды Іванаўны Сантоцкай, якая каля сарака гадоў адпрацавала ў мясцовай школе, ужо чацвёра праўнукаў. Сёння цяжка паверыць, што калісьці ў Заполлі была школа, а вясковая вуліца звінела дзіцячымі галасамі.
А жанчыны на поўным сур’ёзе пашкадавалі, што ў вёсцы закрылі клуб. Цяпер, калі ў Заполле прыязджаюць на святы артысты з Дубна, вяскоўцам канцэрт даводзіцца слухаць пад адкрытым небам. Стараюся растлумачыць бабулям, што ў такой маланаселенай вёсцы клуб утрымліваць затратна і немэтазгодна. Нібыта разумеюць і згаджаюцца з маімі довадамі, але ім усё роўна шкада старога вясковага клуба, куды маладымі бегалі на танцы, дзе ўпершыню ім прызналіся ў каханні будучыя мужы.
—Добра, што яшчэ магазін ды фельчарска-акушэрскі пункт не зачынілі, ёсць дзе ціск памераць ды сякія-такія прадукты купіць, — разважліва і мудра зазначае Юлія Паўлаўна Сідаровіч. Сама яна працавала ў калгасе, а пазней дваццацаць гадоў — кінамеханікам. Адсюль і ў яе таксама настальгія па клубе.
Юліі Паўлаўне па-добраму зайздросцяць сяброўкі-ўдовы, абедзьве Леаніды Іванаўны. Жанчыне пашчасціла адзначыць залатое вяселле і дажываць старасць у пары з мужам Мікалаем Фёдаравічам, які нягледзячы на салідны ўзрост, яшчэ дапамагае мясцоваму сельгаспрад-прыемству. І ў дзень нашай размовы дзядуля быў на працы.
—На вёсцы ўдваіх сталым людзям лягчэй, — зга-джаецца Юлія Паўлаўна. —Нядаўна я перанесла інсульт, не ведаю, як бы я выжыла без мужа. Дзеці далёка, кожны дзень да бацькоў не наездзяцца.Вось такія яны мілыя, добрыя і бясхітрасныя вясковыя бабулькі, якія да апошняга дня свайго зямнога жыцця думаюць пра дзяцей і ўнукаў, садзяць бульбу і агуркі ў агародах, кормяць і даглядаюць курэй, катоў і сабак. І на поўным сур’ёзе шкадуюць, што ім не дазваляюць трымаць у сувязі з блізкасцю да свінакомплексу і пагрозай распаўсюджвання афрыкан-скай чумы ў падсобнай гаспадарцы свіней і яны не могуць пачаставаць унукаў дамашнімі каўбасамі і іншымі мяснымі далікатэсамі.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧФота В. ДЗЕГЕЛЕВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад