Праграма летняй школы накіравана на ўдзельнікаў, якія толькі пачынаюць вывучаць беларусістыку, а таксама на тых, хто мае жаданне ўдасканаліць свае веды і навыкі ў беларускай мове і культуры. Арганізатары школы будуць рады бачыць сярод яе ўдзельнікаў як беларускіх, так і замежных грамадзян.
На працягу амаль двух тыдняў выкладчыкі ўніверсітэта арганізуюць крэатыўныя заняткі па беларускай мове, вандроўкі па знакавых месцах Гродна і рэгіёна, знаёмства з традыцыйнай беларускай культурай: майстар-класы па народным ткацтве, народных танцах і беларускай кухні.

У рамках культурнай праграмы ўдзельнікі школы змогуць прыняць удзел у экскурсіі ў музей развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы, па цэнтры горада Гродна, майстар-класе па народных танцах.

Таксама арганізатары прапануюць квэст па горадзе, беларускамоўныя гульні, паездку ў Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей, наведванне кінатэатра і прагляд беларускага фільма, экскурсію ў музей Максіма Багдановіча і караоке па-беларуску.
Падрабязней азнаёміцца з праграмай Летняй школы беларускай мовы і культуры можна на сайце www.belmova.grsu.by