Падчас летніх канікул раённая дзіцячая бібліятэка прапануе юным чытачам шэраг цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў “Лета на кніжных астравах” і ўжо ў пятнаццаты раз ажыццяўляе праграму “Лета з кнігай — гэта здорава!”.
Бібліятэкары плануюць ператварыць лета ў сезон захапляльнага чытання і з 1 чэрвеня па 31 жніўня запрашаюць юных чытачоў прыняць удзел у конкурсе «Лета з кнігай – гэта здорава!». Летнія канікулы пачаліся бібліяфэстам «Вясёлка дзяцінства».
— Для дзяцей мы падрыхтавалі гульні, віктарыны і конкурсы. Кожны знойдзе для сябе цікавы занятак і сустрэнецца з добрай кнігай. Удзельнікам конкурсу “Лета з кнігай — гэта здорава!” можа стаць кожны. А пераможа той, хто выканае ўсе ўмовы і справіцца з усімі заданнямі. Самая галоўная ўмова конкурсу — наведаць бібліятэку ў час канікул не менш пяці разоў, прачытаць дзесяць-пятнаццаць кніг, удзельнічаць у віктарыне, падрыхтаваць сваімі рукамі з прыроднага матэрыялу партрэт любімага літаратурнага героя. Самых актыўных чытачоў чакаюць узнагароды, — расказвае пра ўмовы конкурсу і запрашае да ўдзелу загадчык раённай дзіцячай бібліятэкі Т. З. Ярашук.
Работнікаў дзіцячай бібліятэкі задавальняе той факт, што юныя чытачы, і асабліва вучні пачатковых класаў, не страцілі цікавасць да чытання. Часта ў бібліятэцы можна сустрэць Паліну Талкачову, Аляксандру Каваленка, сястру і брата Ксенію і Максіма Крывец, Уладзіслава Жука. Штодзённа бібліятэку наведваюць да 50 чытачоў. Летам колькасць наведвальнікаў не памяншаецца, а наадварот узрастае за кошт таго, што на мерапрыемствы запрашаюцца выхаванцы школьных аздараўленчых лагераў.
У час летніх канікул, раз у тыдзень, работнікі дзіцячай бібліятэкі запрашалі дзяцей з аздараўленчага лагера «Усмешка» ДУА «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Масты» ў пакой «Зялёны востраў» на гульнёвы калейдаскоп. Маленькія наведвальнікі з задавальненнем удзельнічалі ў гульнёвай праграме, скакалі на батуце , малявалі алоўкамі і проста добра праводзілі час.
У дзяцінстве ахвотна чытаюць многія. Хацелася б, каб захапленне чытаннем засталося ў нашых маленькіх чытачоў на ўсё жыццё,— марыць Т.З. Ярашук
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад