Здаецца, зусім нядаўна дзеці чакалі лета, таму што гэта такая пара, калі можна загараць, купацца, адпачываць, займацца любімай справай. Лета – гэта мноства незабыўных уражанняў, новых знаёмстваў, неверагодных прыгод і, вядома, актыўнага адпачынку. І лета яшчэ ў поўным разгары.
Для вучняў дзяржаўнай установы адукацыі “Азёркаўская сярэдняя школа” ніколі не паўстае пытанне, як і дзе адпачыць, карысна і займальна правесці свой час. На працягу дня на школьным стадыёне чуваць дзіцячыя галасы. Для дзяцей працуюць гульнявая і спартыўная пляцоўкі, спартыўная секцыя, аб’яднанні па інтарэсах, а для вучняў 14-17 гадоў – моладзевыя пляцоўкі. Сюды прыходзяць не толькі вучні школы, але і выпускнікі, якія гасцююць у бабуль і дзядуль, маленькія жыхары, якія прыехалі ў госці да бабулі, а бывае, што пасля цяжкай, напружанай працы на школьны стадыён прыходзяць бацькі. Яны не проста гледачы і балельшчыкі, а ўдзельнікі спаборніцтваў. Зусім нядаўна прайшлі спаборніцтвы па футболе, у якіх разам з дзецьмі на футбольным полі былі і бацькі. Здаецца, і не было ў іх працы на палях, па гаспадарцы, яны спрытна і ўмела валодалі футбольным мячом, а побач іх гонар – дзеці. Некаторыя прысутнічалі сям’ёй у поўным складзе, матулі – у якасці балельшчыкаў.
У першую палову дня гульнявую пляцоўку наведваюць навучэнцы малодшага ўзросту, а ў вячэрні час – больш дарослыя юнакі і дзяўчаты. Амаль кожны дзень збіраюцца выпускнікі розных гадоў і гуляюць у футбол з вучнямі школы на школьным стадыёне. Добра, калі вучні выбіраюць спорт, актыўны адпачынак. Прыемна бачыць, што на адной пляцоўцы дзеці рознага ўзросту, і зусім не дзіўна, што малодшыя хочуць таксама быць спрытнымі і дужымі, як іх старэйшыя сябры па камандзе. А на школьным стадыёне месца хопіць усім.
І не трэба сумаваць, думаць, чым заняцца, куды пайсці – у любы час, любое надвор’е вы можаце адпачыць разам з намі, карысна і займальна правесці свой вольны час.
Таццяна Халецкая,
дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Азёркаўская сярэдняя школа”,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад