У гэтым годзе вялікая і дружная сям’я Каспяровічаў сабралася на вялікую ўрачыстасць: 85годдзе жонкі, маці, бабулі, прабабулі Вольгі Міхайлаўны. Дзеці, унукі, праўнукі зляталіся са ўсіх куточкаў Беларусі і Расіі. Сям’я ў Вольгі Міхайлаўны і Валяр’яна Аляксандравіча Каспяровічаў вялікая – 30 чалавек: 1 сын, 4 дачкі, 9 унукаў, 16 праўнукаў (сямнаццатага і васемнаццатага чакаюць), зяці, нявесткі.
Вольга Міхайлаўна Каспяровіч (Лойка) нарадзілася 8 верасня 1931 года ў вёсцы Галынка Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і сялян.
Маці, Паўліна Кузьмінічна Лойка (Кавалевіч), бацька, Міхаіл Іванавіч Лойка працавалі на арэндаванай зямлі. Было вельмі цяжка. Таму з ранняга дзяцінства вымушана была працаваць і маленькая Вольга. Закончыла яна два класы пачатковай школы, і больш бацькі вучыцца не пусцілі.
Працавала на гаспадарцы, потым пайшла працаваць на завод. Памёр бацька. Вольга вымушана была вярнуцца ў калгас, каб дапамагаць маці па гаспадарцы. Умела выконваць розную працу, як кажуць, і мужчынскую, і жаночую. Старэйшы брат Іван паехаў у Карэлафінск, ажаніўся і застаўся там жыць. Потым пераехаў на Кубань і пражыў там амаль усё жыццё. Сястра і два браты памерлі малымі. Вольга засталася адна з маці.
У 1960 годзе выйшла замуж. Калі з’явіўся гаспадар у хаце, жанчынам сталя лягчэй. Жыццё склалася шчасліва. Можа, таму што Валяр’ян і Вольга ўжо былі даволі сталымі: 32 гады і 29 адпаведна. З 1961 года па 1970 гады ў іх нарадзілася пяцёра дзяцей: чатыры дачкі і адзін сын. Вольга Міхайлаўна была ўзнагароджана медалём Мацярынства ІІ ступені.
Вялікая сям’я, малыя дзеці, шмат клопату… Муж працаваў на заводзе ў тры змены. Трымалі гаспадарку: патрэбна было накасіць сена, нарыхтаваць на зіму дроў, узараць і пасадзіць агароды, не кажучы аб тым, што і згатаваць ежу, прыбраць у хаце, дый пашыць дзецям новыя сукенкі (Вольга шыла ўсім людзям у вёсцы, хоць была і самавучкай). Хапала працы. Але падрасталі дзеці. Сталі дапамагаць бацькам. Сена грабці –усе разам. Бульбу капаць усе разам, буракі палоць – таксама ўсе разам. Але і весяліцца, жартаваць, смяяцца і радавацца таксама ўсе разам. Любіць сям’я Вольгі Міхайлаўны збірацца за святочным сталом: пагутарыць, пажартаваць, а часам разам з маці і песню зацягнуць. Дружная сямейка, працавітая.
Праз усе жыццё Валяр’ян Аляксандравіч і Вольга Міхайлаўна пранеслі любоў і павагу адзін да аднаго. Яны вельмі хацелі, каб дзеці атрымалі адукацыю. Так старэйшая і малодшая дочкі маюць сярэднюю адукацыю, сын – сярэднюю спецыяльную, сярэднія дочкі Марыя і Тамара вышэйшую адукацыю і працуюць намеснікамі дырэктара школы. Усе дзеці жывуць у Беларусі, акрамя дачкі Марыі, якая жыве і працуе ў Калінінградзе. Дачку Марыю, як настаўніка, уключылі ў энцыклапедыю “Адораныя дзеці – будучыня Расіі”. Вольга Міхайлаўна са сваім мужам ганарыцца сваімі дзецьмі, бо выхавалі яны дастойных людзей сваёй Бацькаўшчыны.
Т. САЛЕЙ,
нам. дырэктара
ДУА «СШ №5
г. Масты»
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад