Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМедицина и ЗОЖМедицинаЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Лёс хірурга, абвеяны чарнобыльскім ветрам

Лёс хірурга, абвеяны чарнобыльскім ветрам23 апреля 2022 — 10:00

Ёсць на Мастоўшчыне  невялікая ціхая вёсачка Дуляўшчына, якая раскідала свае хаткі і вулачкі сярод лясоў і палёў. Зусім звычайная вёсачка, але вельмі ганарацца яе жыхары прыгожымі лясамі, сваім возерам і сваім мінулым.  Кожная вёска, як і чалавек, мае сваю біяграфію і гісторыю. А гісторыю робяць людзі сваімі слаўнымі справамі.

У красавіку 1957 года  ў Дуляўшчыне нарадзілася Сафія Сарока. З дзяцінства дзяўчынка была стараннай і настойлівай.  Яна амаль на выдатна скончыла нашу Пескаўскую сярэднюю школу.

Дзіцячыя мары аб будучай працы рэдка калі рэалізуюцца ў дарослым жыцці. Шмат у чым таму, што ў дзяцінстве прыцягваюць не самыя простыя, але такія павабныя прафесіі: дзяўчынкі хочуць стаць актрысамі, хлопчыкі – касманаўтамі. Але бывае і такое, што менавіта дзіцячая мара становіцца прычынай для будучага выбару. Менавіта такая мара, стаць урачом, і паспрыяла таму, што пасля школы Сафія паступіла ў Гродзенскі медыцынскі інстытут. Пачаліся лекцыі, заняткі, экзамены. Час вучобы праляцеў хутка. Па размеркаванні паехала працаваць хірургам у Брагінскую раённую бальніцу. Праца была цікавая, захапляльная, пра яе Соня марыла ўсё жыццё. Тут яна выйшла замуж і змяніла прозвішча на Сініла.

Але 26 красавіка 1986 года адбылася падзея, якая  ўзрушыла свет: выбух на Чарнобыльскай АЭС. Сафія Браніславаўна ўваходзіла ў брыгаду па арганізацыі эвакуацыі насельніцтва з 30-кіламетровай зоны. "Мы былі добрымі спецыялістамі, але спецыялістамі мірнага часу. Калі здарылася аварыя на станцыі, мне было 29 гадоў. Мы абследавалі насельніцтва, вялі тлумачальную працу. Людзей з высокім узроўнем радыяцыі прывозілі ў лазні, мылі па некалькі разоў, але гэта нічога не давала. Таму што радыёактыўны ёд, які трапіў на шчытападобную залозу, вадой не заб'еш", – успамінала Сафія Браніславаўна.

Забруджаную тэрыторыю сям'я Сініла пакінула толькі ў 1989 годзе, калі Сафія Браніславаўна стала аспіранткай другой кафедры хірургічных хвароб Мінскага медінстытута.

У 2016 годзе Сафія Браніславаўна ў складзе дэлегацыі з сямі беларусаў-ліквідатараў аварыі на ЧАЭС прыляцелі ў Рым. У Ватыкане яны сустрэліся з самім Папам Рымскім Францыскам. “Гэта быў мужны крок, бо для міжнароднай супольнасці на працягу апошніх 30 гадоў існуе вялікае мноства выклікаў, акрамя Чарнобыля. Тое, што ў гэтым бурлівым свеце духоўны лідар Каталіцкага Касцёла знайшоў час, знайшоў словы і магчымасць сустрэцца з ліквідатарамі – гэта не простае рашэнне. Гэта рашэнне мужнага, мудрага чалавека”, – пісалі ў СМІ. Гэтая сустрэча засталася ў памяці назаўсёды.

Пазней, адказваючы на пытанне ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню, Сафія Сініла разважала: “Што б я хацела спытаць у пантыфіка? Гэта, напэўна, самае складанае пытанне, якое я чула ў апошні час. Думаю, я настроена больш слухаць, чым гаварыць”.

Сёння Сафія Сініла – кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, аўтар больш васьмідзесяці друкаваных работ і аднаго патэнта, член Беларускай асацыяцыі хірургаў. Сафія Браніславаўна – вопытны і паспяховы ўрач. А паспяховым урачом здольны стаць далёка не кожны чалавек. Яму неабходна валодаць асаблівым складам характару, уважлівасцю, цярплівасцю, спакоем, дабрынёй і, у той жа час, цвёрдасцю, здольнасцю хутка прымаць рашэнні, велізарным пачуццём адказнасці. Ім абавязкова павінен быць той, хто ўсім сэрцам адданы сваёй справе, хто ўсведамляе ўсю важнасць і сур'ёзнасць прафесіі, не баіцца цяжкасцяў і згодны ўсё сваё жыццё прысвяціць людзям.

А яшчэ Сафія Браніславаўна – выдатны чалавек, які бывае частым госцем на сваё малой радзіме і ў сваёй школе.  Яе імя занесена ў кнігу "Памяць. Мастоўскі раён". Але самыя добрыя і цёплыя словы пра яе пакінула былы класны кіраўнік Аліна Якубовіч у сваёй кнізе "Апошні званок”: " ... гэтая цудоўная жанчына нейкім незвычайным спосабам умудраецца не старэць і заўсёды заставацца свежай і прывабнай".

Наталля ЯКУБЕЦ ,

настаўнік  беларускай мовы і літаратуры ДУА “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио