Радзіма – гэта адна з самых вялікіх каштоўнасцей у нашым жыцці. І мы павінны любіць, праслаўляць і аберагаць яе, каб перадаць у спадчыну нашым дзецям. Паняцце Радзіма напаўняецца сэнсам, калі чытаеш, слухаеш, думаеш пра яе людзей, якія ствараюць гісторыю краіны сёння.
У Гудзевіцкай сярэдняй школе на працягу 24 гадоў працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Анджэй Занеўскі. Цудоўны чалавек і таленавіты педагог. У ім спалучаюцца такія якасці, як строгасць і дабрыня, прынцыповасць і мяккасць. А на ўроках заўсёды пануе асаблівая атмасфера. Тут ніколі і нікому не бывае сумна. Проста настаўнік ведае, як зацікавіць вучняў сваім прадметам. Самыя простыя фізічныя практыкаванні – займальныя. І заўсёды ёсць штосьці новае і цікавае.
Анджэй Рышардавіч жыве сваёй працай. Любоў да вучняў дапамагае яму ўбачыць у кожным з іх патэнцыял і развіць яго. І як узнагарода такой працы – захопленыя вочы дзяцей, радасныя ўсмешкі і спартыўныя дасягненні.
Пад кіраўніцтвам настаўніка Гудзевіцкая сярэдняя школа займае перадавыя пазіцыі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Не раз яго вучні станавіліся пераможцамі ў трэцім і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, заваёўвалі дыпломы ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па валейболе сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства, у рэспубліканскіх спаборніцтвах па валейболе сярод дзяцей і юнацтва аграгарадкоў, сельскіх населеных пунктаў сярод юнакоў і дзяўчат, у рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод вучняў устаноў адукацыі агульнай сярэдняй адукацыі, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, па летнім шматбор’і “Здароўе” Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь. Важным спартыўным дасягненнем у 2021/2022 навучальным годзе стала перамога (дыплом III ступені) у спартакіядзе Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва па валейболе ў горадзе Смаленск.
Дзякуючы Анджэю Рышардавічу, выхавана не адно пакаленне як аматараў спорту і здаровага ладу жыцця, так і прафесійных спартсменаў. Так, яго вучань Юрый Ярэміч з’яўляецца майстрам спорту міжнароднага класа, членам нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы. А яшчэ многія вучні пайшлі па шляху педагога: выбралі прафесію настаўніка фізічнай культуры і здароўя.
Сям’я Занеўскіх – педагагічная сям’я. Занятыя агульнай справай, адзіным парывам у дасягненні пастаўленай мэты, бацькі ў любві і сардэчнасці выхоўваюць сваіх дзяцей і разам з тым аддана працуюць: вучаць маладое пакаленне, укладаюць у яго самае каштоўнае і дарагое.
Актыўная жыццёвая пазіцыя Анджэя Занеўскага – грамадзянская адказнасць і адданасць абранай прафесіі. Настаўнік сваёй нястомнай энергіяй зараджае ўсіх. Спортам захапляюцца не толькі яго вучні, але і іх бацькі, іншыя жыхары аграгарадка Гудзевічы.
За добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, выхаванне мужнасці і патрыятызму ў падрастаючага пакалення Анджэй Занеўскі ўдастоены ганаровага звання “Чалавек года Гродзеншчыны”.
Упэўнена, што невычэрпны запас працаздольнасці, адказны падыход да сваёй справы, мэтанакіраванасць настаўніка дазволяць і далей вучням Гудзевіцкай сярэдняй школы дасягаць яркіх перамог, заваёўваць новыя спартыўныя вяршыні.
Марына БАТВІНОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа”
Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале
Подписывайтесь по ссылке
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад