Словы, вынесеныя ў загаловак, штодня сваёй самаадданай працай пацвярджаюць сельскія працаўнікі. Згодзен з імі і адзін з лепшых камбайнераў філіяла «Дубна» ААТ «Агракамбінат «Скідзельскі» Дзмітрый Віктаравіч Балабанаў, з якім мы сустрэліся ў полі.
Ужо каторы год Дзмітрый Віктаравіч свой дзень нараджэння, які ў яго ў жніўні, адзначае стараннай працай на хлебнай ніве. Апошнія тры гады ён упэўнена кіруе камбайнам «НьюХоланд», дарэчы, адзіным у раёне, а ў рэспубліцы такіх маецца два ці тры. Далёка не новы, але яшчэ даволі прадукцыйны зернеўборачны камбайн слухаецца свайго гаспадара. А той, у сваю чаргу, ведае ўсе яго слабыя і моцныя бакі.
Па выніках уборачнай кампаніі 2013 года Дзмітрый Віктаравіч Балабанаў заняў другое месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур сярод камбайнераў маладзёжных экіпажаў. Тады ён быў адзначаны Ганаровай граматай Гродзенскага абкама БРСМ і каштоўным падарункам. Сёлета механізатар уваходзіць у лік перадавікоў раёна, што працуюць на ўборцы. Спачатку ён убіраў рапс, зараз чарга зерневых культур.
-- Старанны, талковы, працалюбівы хлопец. Да даручай справы адносіцца з вялікай адказнасцю і добрасумленнасцю. Нараканняў не мае, -- так пра свайго падначаленага расказвае намеснік упраўляючага аддзялення «Харціца» філіяла «Дубна» Аляксандр Мікалаевіч Страковіч.
Далучаецца да размовы і сам камбайнер. -- Надвор’е палепшылася, таму кожную хвіліну выкарыстоўваем з карысцю. У поле выходзім у 8 гадзін раніцы, а завяршаем работу пасля 22. Усе хлопцы стараюцца, бо разумеюць, як важна ў час і без страт сабраць вырашчаны ўраджай, -- адзначае Дзмітрый Віктаравіч. Дарэчы, дома яго чакаюць жонка, сын Мікіта і дачка Ксенія, якой споўнілася толькі тры месяцы.
Па інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на раніцу 7 жніўня ў філіяле «Дубна» было абмалочана 956 гектараў зерневых і зернебабовых культур. Ураджайнасць складае 52,6 цэнтнера з гектара, валавы намалот 5 029 тон. Н. ШЭЎЧЫКФота С. ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад