Пастарэлі жыхары невялікіх вёсак. Малодшае пакаленне вяскоўцаў у свой час у пошуках лягчэйшага жыцця і большых заробкаў пакінула бацькоўскія хаты, перабраўшыся ў малыя і вялікія гарады. Засталіся дажываць у такіх вёсачках свой век пажылыя вяскоўцы, дакладней жанчыны, якія перажылі сваіх мужоў і ніяк не хочуць ад’язджаць у гарады да дзяцей з наседжаных мясцін.
-- Калісьці і наша вёска Ланцавічы была напоўнена звонкімі дзіцячымі галасамі, па нядзелях моладзь ладзіла ў мясцовым клубе не толькі танцы, але і спектаклі, канцэрты. Да ўсяго гэтага я мела непасрэднае дачынне, бо доўгі час працавала бібліятэкарам у хаце-чытальні, так тады называлася бібліятэка. А сёння ў Ланцавічах жывуць каля сарака чалавек і сярод іх толькі дзве працаздольныя сям’і, а так пераважна жанчыны пенсійнага ўзросту, -- з прыемнай настальгіяй успамінае мінулыя гады і шкадуе, што сёння вёска дажывае свой век, сельскі стараста Марыя Канстанцінаўна Дубатоўка.
Сямнаццатага верасня яна адзначыла 80-гадовы юбілей. Бадзёрасці, аптымізму, энергіі і актыўнасці гэтай жанчыны можа пазайздросціць нават малады. Сельскім старастам Марыю Канстанцінаўну аднавяскоўцы выбралі, як толькі ў вёсках з’явілася такая грамадская пасада. На яе прыкладзе пераконваюся, што сельскі стараста для вяскоўцаў патрэбная і значная асоба.
Нядаўна ў Ланцавічах знеслі чатыры дамы, якія доўгі час пуставалі без гаспадароў. Пасля гэтага на месцах былых будынкаў засталіся груды смецця. Каб яго прыбралі і вывезлі, сельскаму старасту давялося звяртацца да старшыні райвыканкама. Калі ўзнікла праблема з рамонтам дарогі, за яе вырашэнне зноў бярэцца Марыя Канстанцінаўна. Стараста не пасаромелася патурбаваць з гэтай нагоды кіраўніцтва ДРБУ №208. Затое сёння пад’язная дарога да Ланцавіч у поўным парадку. Не без удзелу старасты вырашалася і пытанне з маршрутным аўтобусам. Вельмі хацелася вясковым кабетам наведваць па нядзелях і святах набажэнства ў царкве ў Дзярэчыне. Цяпер вяскоўцы маюць магчымасць даехаць туды маршрутным аўтобусам.
Самае важнае і значнае, як лічыць Марыя Канстанцінаўна, што ёй удалося арганізаваць аднавяскоўцаў на такую патрэбную справу, як добраўпарадкаванне мясцовых могілак. Парадак наводзілі на сабраныя калектыўна грошы. Старасце давялося тэлефанаваць былым вяскоўцам у Мінск, Гродна і іншыя гарады, хто даўно не жыве ў Ланцавічах, але ў якіх на вясковых могілках пахаваны продкі. Ніхто не адмовіўся ад удзелу ў высакароднай справе.
Сёння сельскі стараста -- надзейны мосцік, які пры неабходнасці звязвае жыхароў аддаленай вёсачкі з мясцовай выканаўчай уладай. Значнасць і важнасць гэтай сувязі стала асабліва актуальнай пасля аб’яднання сельскіх Саветаў: сельскі стараста побач, да яго можна звярнуцца ў любы момант, а да старшыні сельвыканкама трэба яшчэ даехаць.
Жыхарам Ланцавіч на старасту пашанцавала. Жыццёвыя нягоды, а Марыя Канстанціўна дзіцём перажыла вайну, рана засталася сіратой, а ў сорак гадоў -- і ўдавой, зрабілі яе спагадлівай да чужога гора. У невялікай вёсачцы, дзе адзін у другога навідавоку, інакш нельга.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Фота В. СТАСЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад