Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш крайЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Кветкавая вясёлка Ніны Седзянеўскай. Кветкавод з Харціцы дзеліцца сакрэтамі свайго шматгадовага хобі

Кветкавая вясёлка Ніны Седзянеўскай. Кветкавод з Харціцы дзеліцца сакрэтамі свайго шматгадовага хобі10 сентября 2021 — 10:35

“Арыентуйцеся на кветкі, шмат кветак”, – такую параду мы пачулі ад жыхара аграгарадка Харціца, у якога запыталіся дарогі да дома №15 па вуліцы Садовай. Сапраўды, не заўважыць рознакаляровую вясёлку кветак, што ўпрыгожыла вясковы двор, проста немагчыма. Яркі і сакавіты калейдаскоп фарбаў бярэ ў “палон” пазітыўных эмоцый любога, хто мае намер дакрануцца да гэтай прыгажосці.

На парозе дома нас гасцінна сустракае гаспадыня кветкавага багацця – Ніна Анатольеўна Седзянеўская. Гэта дзякуючы яе любові да зямлі і кветак, дзякуючы ўмелым працавітым рукам, усё гэта расце, цвіце і радуе вока з ранняй вясны і да позняй восені.

– Калісьці ў вёсках проста так кветкі не вырошчвалі. І часу на гэта не хапала, і зямлі было шкада. Лепшы кавалак заўсёды адводзілі пад агародніну і садавіну, каб было што есці. Ведаю, што гавару, бо сама родам з Азёрак і з маленства марыла пра кветкі, – успамінае наша суразмоўца, з якой мы размясціліся ва ўтульнай альтанцы.  А паўсюль, дзе ні кінь вокам, – кветкавая вясёлка.

На працягу года тут можна палюбавацца яркімі крокусамі, незвычайнай афарбоўкі цюльпанамі і гіяцынтамі, велічнымі гладыёлусамі і сціплымі на першы погляд вейгеламі, наталіцца водарам лілей і даведацца шмат цікавага пра такія звычныя і невядомыя касачы. Ніна Анатольеўна адзначае, што яе кветнік налічвае некалькі соцен самых розных відаў і сартоў кветак. Зараз у яе калекцыі пераважаюць шматгадовыя расліны і кустарнікі, але ад гэтага клумбы не сталі менш прывабнымі.

– Для мяне кветкі – гэта больш, чым простае хобі, гэта маё жыццё, – гаворыць жанчына. – Дзе б я ні была, адусюль везла дамоў чаранкі ці цыбуліны кветак. Шмат раслін заказвала па пошце. А зараз дзялюся сваёй калекцыяй з іншымі. Кажуць, што падараванае ад чыстага сэрца заўсёды добра прыжываецца і расце, радуе яркімі фарбамі. А без добрых думак і эмоцый  няма чаго прымацца за справу – нічога не будзе квітнець.

Зазначым, што такое працаёмкае захапленне, як вырошчванне кветак, ніколі не перашкаджала любімай прафесіі Ніны Анатольеўны, якая трыццаць тры гады аддала працы ў галіне адукацыі раёна. Пачынала свой прафесійны шлях піянерважатай у Гудзевіцкай школе. Пасля працавала гісторыкам у школах Дубна і Стругі, шмат гадоў узначальвала калектыў Чарлёнскай школы.

– Пэўна тое, што яшчэ падчас вучобы ў школе з’яўлялася сакратаром камсамольскай арганізацыі і брагадзірам вытворчай брыгады, нязменнай вядучай школьных вечароў, сыграла на фарміраванне арганізатарскіх здольнасцяў, – разважае суразмоўца. – А чаму менавіта педагог? У той час гэта прафесія была самая паважаная і прэстыжная. Ды і перад вачыма быў прыклад двух дзядзькаў па бацькавай лініі, што працавалі настаўнікамі. Па душы мне была іх інтэлігентнасць, дасціпнасць, размовы на розныя тэмы.

Пазней ужо вучні Ніны Анатольеўны хацелі быць падобнымі да сваёй любімай настаўніцы. Многія з іх і сапраўды абралі прафесію педагога, каб сеяць разумнае, добрае і вечнае. Першыя яе вучні ўжо выпраўляюць у школу ўнукаў. Радуецца поспехам сваёй дачкі і ўнучкі і наша суразмоўца разам з мужам Казімірам Мікалаевічам. Дарэчы, праз год яны адсвяткуюць залаты юбілей сумеснага жыцця.

–  Муж ва ўсім мяне падтрымлівае, – прызнаецца Ніна Анатольеўна. – І з кветнікам дапаможа ўправіцца, і ўсе канструкцыі, што бачыце, – гэта яго рук справа. Розныя бывалі сітуацыі, і радасці былі, і нягоды. Але, як кажуць, калі ёсць разуменне і падтрымка – дык і бяда не такая страшная, а радасць падвойваецца, калі яе раздзеліш з роднымі і сябрамі.

Дададзім, што ў 2004 годзе дом Седзянеўскіх набыў статус “Дом узорнага парадку”, а ў 2017-м Ніна Анатольеўна стала лаўрэатам абласнога конкурсу Беларускага саюза жанчын “Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны”. Узнагароджвалася і кіраўніцтвам Мастоўскай раённай арганізацыі жансавета за асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне жаночага руху на Мастоўшчыне. Прынцыповасць і актыўная жыццёвая пазіцыя і зараз не дазваляюць ёй праходзіць раўнадушна міма несправядлівасці ці беспарадку.

– Калі наўкола прыгожа і ўсё да ладу, дык і жыццё набывае іншы сэнс, – упэўнена Ніна Анатольеўна. – Можа таму я і люблю так кветкі, якія ўпрыгожваюць наша жыццё, робяць адносіны паміж людзьмі больш сардэчнымі, а зносіны – больш даверлівымі, шчырымі і гарманічнымі.

Мудрыя словы ад мудрай жанчыны. Бярыце на ўзбраенне, гаспадыні.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио