Купалле ў Глядавічах – гэта даўняя традыцыя. Яго святкуюць з вялікім размахам і весялосцю ўжо шмат гадоў. Так і ў гэтым годзе дзякуючы намаганням загадчыцы сельскага клуба Алены Мікалаеўны Вілінскай свята адбылося. Больш як 200 чалавек сабраліся ў купальскую ноч у Глядавічах, каб адсвяткаваць Купалле, паспрабаваць знайсці чароўную папараць-кветку. Звечара над вёскай доўга гучалі песні, вадзіліся карагоды каля вогнішча, ладзіліся гульні, віншавалі ўсіх, каго завуць Іванамі.
Мясцовыя артысты – гэта ўдзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці і народнага калектыву “Багатуха” – падрыхтавалі насычаную канцэртную праграму. Нацыянальны каларыт Купалля ў Глядавічах арганічна спалучаўся з сучаснымі матывамі.
Для моладзі кульмінацыяй свята быў выбар Купалінкі праз гульню-абрад і пошукі папараць-кветкі. На гэты раз пашчасціла знайсці яе Кацярыне Панасевіч.
Старэйшых сяльчан Купалле паклікала вярнуцца ў маладосць. Моладзь з задавальненнем назірала, як весела і змястоўна адпачывалі старэйшыя пакаленні вяскоўцаў і стараліся паказаць, што і яны ўмеюць весяліцца: спяваць, танцаваць, жартаваць.
А. ЯЦЭВІЧ, загадчыца Стралецкага сельскага клуба
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад