На пашыраным пасяджэнні савета аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама былі падведзены вынікі работы ўстаноў культуры раёна ў 2015 годзе і вызначаны прыярытэтныя напрамкі дзейнасці на бягучы 2016 год. Удзел у пасяджэнні прынялі намеснік старшыні райвыканкама А.С. Яраш і галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама І.П. Машканцава.
Падрабязны аналіз работы маючых у раёне ўстаноў культуры правёў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С.С. Дзейкало. -- За перыяд з 2011 па 2015 гады ўстановамі культуры раёна выкананы асноўныя паказчыкі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі 2011--2015”, -- адзначыў Сяргей Сяргеевіч. – Разам з тым, за мінулы год не быў выкананы план пазабюджэтных (уласных) сродкаў. Недаатрымана да плану 36 мільёнаў рублёў. Гэта адно з самых балючых і актуальных пытанняў, над вырашэннем якога давядзецца працаваць сёлета.
У 2015 годзе праводзіліся работы на трох аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны раёна, на што было выдаткавана 121 мільён рублёў з розных крыніц фінансавання. Праўда, у справаздачны перыяд не было распрацавана і зацверджана ніводнага праекта зон аховы, але пэўная работа ў дадзеным накірунку распачата.
Музеямі раёна было праведзена 19 выставак, з іх з уласных фондаў – 14. Па стану на 1 студзеня бягучага года музейны фонд складае больш за 20 тысяч адзінак захоўвання і вырас на 185 музейных прадметаў. Музеі летась наведалі 14 227 чалавек, выкананы план па экскурсійным абслугоўванні.
Варты ўвагі вопыт музея “Лес і чалавек” па арганізацыі экалагічнага конкурсу “Экалогія. Чалавек. Будучыня”. За амаль дзесяцігадовае існаванне ён выйшаў на міжрэгіянальны ўзровень.Папулярнасць сярод наведвальнікаў Гудзевіцкага краязнаўчага музея набылі анімацыйныя праграмы “У гасцях у Сымоніхі і Лявоніхі”, “Калядкі – добрыя святкі” і “Масленіца”, якія рыхтуюцца сумесна з работнікамі Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры.
Значную маральную і матэрыяльную падтрымку названыя ўстановы культуры маюць ад ЗАТ “Гудзевічы”.Публічныя бібліятэкі Мастоўшчыны, а ўсе яны камп’ютарызаваны і маюць доступ у інтэрнэт, працягвалі забеспячэнне доступу жыхароў раёна да інфармацыйных рэсурсаў. Каля сарака невялікіх сельскіх населеных пунктаў абслугоўваюцца мабільнай бібліятэкай ці бібліобусам. Адным з перспектыўных накірункаў у дзейнасці раённай дзіцячай бібліятэкі з’яўляецца дзіцячы гульнёвы пакой “Зялёны востраў”, дзе колькасць наведвальнікаў, у параўнанні з 2014 годам, вырасла амаль у тры разы.
У 2015 годзе канчаткова была сфарміравана сетка клубных устаноў з утварэннем новай юрыдычнай асобы ДУ “Мастоўскі раённы цэнтр культуры”, у склад якой уваходзяць 17 філіялаў. Летась жыхары раёна сталі ўдзельнікамі 3 442 мерапрыемстваў, што ладзіліся ў раёне. Павялічылася іх колькасць у аграгарадках. Творчыя калектывы Мастоўшчыны прымалі ўдзел у абласных фестывалях, конкурсах і аглядах. Адрадзілася такая папулярная форма работы, як Тыдзень культуры.
Дзейнасць Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў накіравана на адраджэнне і падтрымку традыцыйнага народнага мастацтва, развіццё творчых здольнасцей дзяцей і дарослых. Асноўнымі накірункамі дзейнасці РЦР з’яўляюцца ткацтва, кераміка, ганчарная справа, разьба па дрэве, саломапляценне, вышыўка і лозапляценне.
Ахоп музычна-эстэтычнай адукацыяй у раёне складае 18,5 працэнта ад агульнай колькасці навучэнцаў 1-9 класаў. Вучні Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і абласных фестывалях і конкурсах, вяртаючыся з іх лаўрэатамі. Чатыры навучэнцы атрымалі заахвочванне Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аднак маецца і адзін недалік: даведзены паказчык па недапушчэнні адлічэння вучняў за год не больш 10 працэнтаў ад агульнай колькасці навучэнцаў не выкананы і складае 13,2 працэнта.
Падводзячы вынікі работы, Сяргей Сяргеевіч Дзейкало падкрэсліў, што 2015 год быў плённым на творчыя здабыткі, аднак 2016-ы ставіць новыя задачы. Гэта выкананне паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі 2016-2020”, падрыхтоўка і правядзенне новых цікавых мерапрыемстваў у Год культуры, інфармаванне аб сваіх дасягненнях і планах праз якасныя сайты. Ажыццявіць задуманае пад сілу прафесіяналам, таму работа з кадрамі таксама павінна выйсці на якасна новы ўзровень.
Шмат творчых ідэй, рацыянальных знаходак і канкрэтных прапаноў, дастойных пераймання, прагучала падчас абмеркавання даклада ў выступленнях дырэктара Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў Г.В. Плішань, дырэктара Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея К.В. Басінскай, дырэктара Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры А.М. Чэрнік і загадчыцы аддзела бібіліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Н.Дз. Навагродскай.
Падзякавала за дастойную работу і яшчэ раз звярнула ўвагу на недахопы, што неабходна выправіць, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама І.П. Машканцава. Яна адзначыла, што аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкама па выніках дзейнасці за 2015 год знаходзіцца на дзевятым месцы ў вобласці – гэта моцны сярэднячок. Аднак не існуе межаў для ўдасканалення і заўсёды ёсць да чаго імкнуцца. Зараз, напрыклад, робіцца акцэнт на пошук інвестараў і актыўны ўдзел у праектах трансгранічнага супрацоўніцтва.
Больш актыўна ў сваёй рабоце карыстацца інтэрнэт-рэсурсамі, а таксама на плённае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з кіраўнікамі гаспадарак і прадпрыемстваў раёна ўдзельнікаў пасяджэння нацэліў намеснік старшыні райвыканкама А.С. Яраш.
Завяршылася пасяджэнне ўзнагароджваннем лепшых работнікаў галіны культуры раёна за іх плённую працу, высокі прафесіяналізм, уменне працаваць творча і самааддана, запальваючы сваім энтузіязмам і неардынарнымі ідэямі сваіх калег і паслядоўнікаў.
Н.ШЭЎЧЫКФота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад