Рэспубліканская акцыя “Культурная сталіца года” праводзіцца Міністэрствам культуры і зацікаўленымі з 2010 года. У кожным з гарадоў, якія былі абвешчаны культурнай сталіцай, рэалізуюцца інавацыйныя праекты па прэзентацыі культурнай самабытнасці гэтых гарадоў, развіцці і папулярызацыі традыцый і дасягненняў нацыянальнай культуры, актывізацыі творчай ініцыятывы, павышэнні турыстычнай прывабнасці рэгіёнаў. Галоўная мэта – пазнаёміць жыхароў краіны з лепшымі дасягненнямі нацыянальнай культуры, прыцягнуць айчынных і замежных турыстаў у рэгіёны.
Першым статус культурнай сталіцы Беларусі ў 2010 годзе атрымаў горад Полацк. У 2011 годзе эстафету прыняў Гомель, затым Нясвіж (2012), Магілёў (2013), Гродна (2014), Брэст (2015). У 2016 годзе тытул “Культурнай сталіцы Беларусі” насіў Маладзечна, у 2017 годзе – Бабруйск, у 2018 – Наваполацк. Носьбітам ганаровага статусу 2019 года з’яўляецца Пінск.
Калегіяй Міністэрства культуры 25 красавіка 2019 года прынята рашэнне аб наданні статуса “Культурная сталіца года” ў 2020 годзе гораду Лідзе Гродзенскай вобласці.
Сферу культуры горада прадстаўляюць 7 дзяржаўных устаноў, дзейнічае 36 непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці з найменнямі “народны”, “узорны”, два маюць ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.
***
Месцам прапіскі культурнай сталіцы Беларусі ў 2020 годзе стане Гродзенская зямля. Такі статус атрымае горад Ліда – адзін са старажытных гарадоў Беларусі, заснаваны ў 1323 годзе.
Знаходзячыся на перакрыжаванні чыгуначных і аўтамабільных шляхоў, што напрамую звязваюць Берлін, Варшаву і Маскву, Рыгу, Вільнюс і Львоў, гэты горад сёння з'яўляецца родным больш чым для ста тысяч жыхароў і менш чым праз год усе яны змогуць сказаць, што жывуць не проста ў адным з куткоў Прынямоння, а ў культурнай сталіцы ўсёй Беларусі.
– Безумоўна, гэтая навіна – вялікі гонар для ўсіх жыхароў Гродзеншчыны. Значнасць яе павялічваецца яшчэ і з улікам таго, што канкурэнцыя была высокай. На званне культурнай сталіцы краіны нараўне з Лідай прэтэндавалі Глыбокае, Горкі і Барысаў. Паводле ацэнкі спецыялістаў інфраструктура, сетка ўстаноў культуры і аб'екты культурнай спадчыны райцэнтра Гродзеншчыны занялі лідзіруючую пазіцыю ў свайго роду культурным спаборніцтве, – паведаміла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. – Культурнае жыццё гэтага рэгіёну заўсёды было вельмі яркім і насычаным: з 2013 года тут праводзіцца абласны дзіцячы джазавы фестываль-конкурс "Птушка", гэта месца пастаяннай прапіскі Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва "ЛьВёнок", рыцарскага турніру "Меч Лідскага замка", які аб'ядноўвае аматараў гістарычнай рэканструкцыі з многіх куткоў Беларусі. Пералічваць сумесныя культурныя праекты можна і далей, а ў 2020 годзе іх стане яшчэ больш. Акрамя гучнасц,і новы для Ліды статус, вядома, прыўнясе новыя фарбы ў культурную палітру. З'явяцца новыя сумесныя з рэспубліканскімі ўстановамі культуры праекты, пашырыцца супрацоўніцтва з рэспубліканскімі музеямі. Не выключаем і магчымасці правядзення фестывалю нематэрыяльнай культуры, які аб'яднае ўсю краіну. Яго аналаг не першы год існуе ў нашай вобласці – гэта рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры "Скарбы Гарадзеншчыны".
У райцэнтры навіну ўспрынялі з вялікай радасцю, але прызнаюцца – лічаць такое рашэнне заканамернасцю. Зусім не таму, што шчыра любяць родную Ліду, а таму што ў тым, што тычыцца культурнага жыцця тут многім ганарацца.
На тэрыторыі Ліды знаходзяцца 10 помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод іх Касцёл Узвіжання Святога Крыжа, Архістраціга-Міхайлаўскі кафедральны сабор (былы Іосіфаўскі касцёл піяраў) і, безумоўна, знаёмы многім нават далека за межамі Беларусі Лідскі замак XIV стагоддзя – першы каменны замак Вялікага княства Літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе адбылося вяселле караля Ягайлы і княжны Соф’і Гальшанскай.
– Ён і сёння заўсёды ў цэнтры ўвагі мясцовых жыхароў і шматлікіх гасцей, – гаворыць намеснік старшыні райвыканкама Віктар Пранюк. – З 2005 года ў замку праводзяцца фестывалі рыцырскіх баёў, тэатралізаваныя прадстаўленні з жыцця сярэднявечнага горада, гульні і забавы, канцэртныя праграмы і народныя святы. Амаль ужо два гады ў летні перыяд працуе і культурна-турыстычны праект «Замкавы гасцінец», які збірае ля сцен замка вулічных музыкаў, аніматараў, рамеснікаў і творчыя тэатральныя і музычныя гурты.
Галоўная навукова-даследчай і культурна-асветніцкая ўстанова другога па велічыні горада ў Гродзенскай вобласці – Лідскі гісторыка-мастацкі музей. Яго фонды налічваюць звыш 45 тысяч музейных прадметаў. Да таго ж музей і замак штогод гасцінна прымаюць міжнародныя выставы з Эстоніі, Літвы, Украіны, Расіі, Індыі, Ірана, Польшы.
Звяртаючыся да мовы лічбаў, сферу культуры горада прадстаўляюць 7 дзяржаўных устаноў, дзейнічае 36 аматарскіх калектываў мастацкай творчасці з найменнямі “народны”, “узорны”, два маюць ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.
У дзіцячых школе мастацтваў, музычнай і мастацкай школах займаюцца больш за 1600 навучэнцаў. А іх шматлікія перамогі ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах і фестывалях сведчаць аб якаснай і згуртаванай рабоце настаўнікаў. Яскрава падкрэслівае гэта і яшчэ адна лічб - 79 вучняў школ мастацтваў у розныя гады атрымалі ганаровае званне лаурэат і стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Шчодрая Лідская зямля не толькі на таленавітую моладзь і юнакоў, але і па цікавыя падзеі. Сапраўдным цэнтрам культурнага адпачынку гараджан з’яўляецца Палац культуры Ліды, які штогод наведваюць каля 300 тысяч чалавек. Славіцца Лідчына правядзеннем цікавых святаў, конкурсаў і фестываляў. Ёсць тут, напрыклад, свой фестываль нацыянальных культур «Сузор’е сяброў», праходзіць абрадавае свята “Каля замка на Купалу”, фестываль кнігі і друку “Зоркі Лідскіх небасхілаў”, байкерскі фестываль і рок-фестываль “Рок-навальніца”.
– Да таго ж штогод у верасні на адзін дзень уся Ліда становіцца сапраўднай фестывальнай пляцоўкай, святкуя чарговы дзень нараджэння, – дадае Віктар Пранюк. – З 2014 года ў дзень свята горада ў партнёрстве з адкрытым акцыянерным таварыствам “Лідскае піва” вельмі гучна у нас праходзіць фестываль хмеля, солада і вады “LIDBEER” – адзін з самых буйных, опэн-эйраў Беларусі, які прымае звыш 100 тысяч гасцей.
Прымнажаючы сучасныя культурныя традыцыі беражліва захоўваюць тут і мінулыя. Сапраўдным цэнтрам такой працы на Лідчыне з'яўляецца раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры рупліва збіраюць і захоўваюць традыцыйныя рамёствы, адраджаюць унікальныя тэхналогіі і распрацоўкай новыя. Прычым работа ў гэтым напрамку адзначана на самым высокім узроўні. За адраджэнне рэдкіх тэхналогій ткацтва і рэалізацыю праекта “Ад мінулага да сучаснага” установа культуры ўдастоена спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. А ў мінулым годзе элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння” ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад