Малая радзіма… Горад, мястэчка, невялікая вёсачка… Для чалавека, які нарадзіўся там, гэта самае важнае, самае любімае месца на зямлі. Усе дарогі вядуць дадому. З усіх вандровак, далёкіх і блізкіх, мы спяшаемся туды, дзе і дрэва, і валун у полі, і гаючая крыніца, і стары крыж на раздарожжы – усё да болю знаёмае і дарагое сэрцу.
Кожны год у першую суботу лютага былыя вучні Азёркаўскай сярэдняй школы спяшаюцца на сваю малую радзіму. Нікому не трэба нават запрашэння – усе ведаюць, што дзверы ўстановы ў гэты дзень адчынены заўсёды. Выпускнікі спяшаюцца на сустрэчу з настаўнікамі, аднакласнікамі, сябрамі з розных куткоў нашай краіны. Людзей розных па ўзросту, прафесіях аб’ядноўвае адно – успаміны пра школьнае жыццё.
Вечар сустрэчы заўсёды такі доўгачаканы і хвалюючы для выпускнікоў і педагогаў школы. Шчаслівыя вочы, слёзы радасці, цёплыя ўспаміны, школьныя фотаздымкі - усяго гэтага вельмі чакаюць ад сустрэчы ўсе. Прыходзяць цэлымі класамі выпускнікі розных узростаў – ад самых малодшых да вучняў, якія скончылі школу 40 і нават 45 гадоў таму назад.
Наш клас збіраецца на кожны вечар сустрэчы ўжо 12 гадоў запар. Гледзячы на вучняў, якія вельмі старанна рыхтуюць цудоўныя канцэрты, мы ўспамінаем нас у такім жа ўзроце. З якім захапленнем мы чакалі і рыхтаваліся да сустрэчы з выпускнікамі!
Усё гэта – заслуга педагагічнага калектывау школы. На працягу многіх дзесяцігоддзяў яны стваралі і цяпер змаглі захаваць такія цудоўныя традыцыі.
Я вельмі ўдзячна лёсу за тое, што мне пашчасціла вучыцца ў гэтай школе. Дзякуючы настаўнікам і вучням мы кожны год акунаемся ў свет дзяцінства, перажываем наша школьнае жыццё зноў і зноў. Вялікі дзякуй за такія прыемныя сустрэчы!
Вольга Дудко,
выпускніца Азёркаўскай сярэдняй школы 2007 года
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад