Экскурсія – гэта заўсёды крыніца пазнання, якая пашырае ўяўленне аб розных сферах жыцця нашых продкаў, культуры, мастацтве, звычаях, веравызнаннях.
У дзяржаўнай установе адукацыі “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” склалася пэўная сістэма ў арганізацыі экскурсійнай дзейнасці, якая накіравана на выхаванне сапраўднага грамадзяніна, фарміраванне пазнавальнай цікавасці да гісторыі роднага краю. Экскурсіі ўяўляюць сабой асаблівы від заняткаў, якія даюць магчымасць у натуральнай абстаноўцы знаёміць дзяцей з прыроднымі і культурнымі аб’ектамі. Яны спрыяюць больш глыбокаму і якаснаму засваенню матэрыялу па гісторыі, літаратуры, геаграфіі і іншых школьных дысцыплінах.
Для школьнікаў сумесная паездка на экскурсію ў іншы горад ці вёску - гэта не толькі новыя веды, вопыт і яркія ўражанні, але і магчымасць нефармальных зносін з настаўнікамі і аднакласнікамі.
Нядаўна навучэнцы разам з педагогамі наведалі Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, дзе была праведзена цікавая і пазнавальная экскурсія. Мы з задавальненнем слухалі экскурсавода, з цікавасцю разглядалі экспанаты. Асабліва дзецям спадабалася этнаграфічная экспазіцыя “Сялянская хата канца XVIII ст.” – адзіны на Гродзеншчыне прыклад аўтэнтычнага захаванага жылля двухсотгадовай даўніны. Школьнікі ўбачылі самабытнасць з’яў беларускай культуры, пачулі каларыт роднай мовы. Цікавая экскурсія дапамагла нам яшчэ больш адчуць сувязь сённяшніх дзён з сівой мінуўшчынай.
Хочацца выказаць словы падзякі выдатнаму экскурсаводу Маі Антонаўне Сідар за змястоўную і даступную дзецям інфармацыю. Пакуль жыве культура і гісторыя народа, жыве і сам народ.
К. Буйко,
настаўнік гісторыі ДУА “Пескаўскі
вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы
сад-сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад