Як з дапамогай казкі дзіцяці спазнаваць гэты загадкавы і шматгранны свет? Пра што насамрэч кажуць казачныя сюжэты, як яны змяніліся за стагоддзі і чаму казкі часам не тое, чым яны падаюцца ‒ пра гэта гутарылі за круглым сталом «Народная казка як з'ява рускай культуры», што адбыўся на базе ДУК «Мастоўская раённая бібліятэка» пры падтрымцы Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта і фонду «Рускі свет».
Падмурак сучасных тэкстаў
Не варта недаацэньваць казкі і лічыць іх выключна дзіцячым чытвом. Упэўнены, што вы чыталі іх і ў куды больш сталым узросце, пры гэтым не здагадваючыся, што перад вамі гісторыя, заснаваная на вуснай народнай творчасці. Таццяна Аўтуховіч, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры рускай філалогіі УА «ГрДУ імя Янкі Купалы», у сваім дакладзе канстатавала, што казачныя і міфалагічныя сюжэты ‒ гэта базіс шматлікіх літаратурных твораў, якія мы цяпер лічым класічнымі.
Не тое, чым здаюцца
Наўрад ці некаму ў дзяцінстве прыходзіла ў галаву шукаць утоены сэнс у казках. «Рэпка» ‒ гэта прыпавесць пра ўзаемадапамогу, «Калабок» ‒ гісторыя хітрага вандроўніка з сумным канцом: маўляў, раз пайшоў ад бабулі з дзядулем, то вось ад лёсу ў асобе лісы не пойдзеш. Аднак насамрэч мноства казак не такія ўжо і простыя, як вам падаецца. У шмат якіх ёсць падвойнае дно. Пра гэта распавяла Кацярына Патоніч, псіхолаг ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна».
Так, напрыклад, «Калабок» ‒ гэта ілюстрацыя, што ж адбываецца з нашым месяцам: што ні дзень ён робіцца ўсё меншым, пакуль нарэшце ліса не з'есць няшчаснага акрайца. У ранейшым варыянце «Рэпкі» ўсе датычныя да выцягвання ўпартага караняплода ляглі спаць, каб працягнуць раніцай, аднак за ноч усю рэпку згрызла крывадушная мышка. Мараль: скончыў работу ‒ гуляй у ахвоту.
Таццяна Чарняк, выкладчык дзіцячай нядзельнай школы Храма абраза Божай Маці «Усіх смуткоўцаў Радасць» горада Масты, таксама прывяла некалькі падобных прыкладаў, але ўжо з пункту гледжання хрысціянства. Напрыклад, «Гусі-лебедзі» ‒ гэта ілюстрацыя, да чаго можа прывесці непаслушэнства ‒ папярэднік ганарыстасці, аднаго са смяротных грахоў. Іншы казачны «хіт», «Курка-рабка», па версіі прафесара Ужанкова, літаратуразнаўцы і філолага, не што іншае, як вельмі вольны пераказ біблейскага эпізоду – выгнанне Адама і Евы з Раю.
Што ёсць што ў гэтай сістэме каардынат: залатое яйка ‒ гэта Рай, якога Адам і Ева (стары ды старая) пазбываюцца з-за ўласнага невуцтва, а таксама з-за падкопаў мышы, што здаўна лічылася «іпастассю д'ябла» і «гадкай жывёлай». Урэшце, курка абяцае ім знесці новае яйка, якое ўвасабляе наш з вамі крохкі свет.
Перамога любіць падрыхтаваных
Круглы стол, безумоўна, стаў краевугольным каменем сустрэчы выступоўцаў і запрошаных, аднак канферэнцыі папярэднічалі і экскурсія па бібліятэцы і яе музеі, і спектакль тэатра ценяў, а пасля дакладаў для гасцей арганізавалі экскурсію па гарадскім парку ‒ паўнавартасная забаўляльная праграма. Усё гэта наўрад ці б стала явай, не будзь прароблена велізарная папярэдняя праца Мастоўскай раённай бібліятэкай. Яе дырэктар Таццяна Стэльмах, смеючыся, кажа: першае месца ў конкурсе грантаў фонду «Рускі свет» ‒ гэта шанцаванне, аднак усе мы ведаем, што перамога любіць падрыхтоўку.
‒ Пра тое, што наш праект падтрыманы, мы даведаліся літаральна за дзень да Новага года, ‒ з натхненнем кажа Таццяна Іосіфаўна. ‒ На яго рэалізацыю вылучана 350 тысяч расійскіх рублёў, і ён складаецца са мноства імпрэз. Апроч сённяшняга круглага стала, плануем правесці і «Казкіну пятніцу» ‒ чытанні ў голас для немаўлятаў, і майстар-класы па розных відах тэатра ‒ ад пальчыкавага да тэатра ценяў, ужо абвешчаны конкурс малюнкаў «Па шляху рускіх казак». Яшчэ адзін конкурс ‒ «Тэатральныя падмосткі» ‒ для падлеткаў, дзе мы будзем рабіць пастаноўкі ці імправізацыі па матывах рускіх казак. Для гэтага набудзем касцюмы казачных герояў. Ну а кнігі з казкамі ўжо чакаюць сваіх чытачоў.
Каляндар вельмі насычаны, бо ўсе гэтыя праекты будуць рэалізаваны ўжо гэтым летам, а скончыцца казачны марафон вераснёвым фэстам «Жыла-была казка». Усе мерапрыемствы ў рамках праекта «Руская народная казка як з'ява нацыянальнай культуры» скіраваны на тое, каб усім ‒ ад малога да вялікага ‒прывіць любоў да Слова, якое, як вядома, стаяла напачатку не толькі ўсіх тэкстаў, але і ўсяго сусвету.
Віктар МОХАНЬ
Фота аўтара і Мастоўскай раённай бібліятэкі
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад