Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодёжьМолодёжьНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Крэатыўны забег у школьны музей і марафон пажаданняў і кампліментаў роднай мове ў Азёркаўскай сярэдняй школе

Крэатыўны забег у школьны музей і марафон пажаданняў і кампліментаў роднай мове ў Азёркаўскай сярэдняй школе26 февраля 2023 — 08:30

Як ты дорага мне, мая родная мова!..” Пад такой яскравай назвай распачаўся сёлета Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў нашай установе адукацыі.

Як трапна і ўсеабдымна сказаў паэт! І сапраўды, мова – не проста сродак зносін, з дапамогай якога людзі наладжваюць сувязі, абменьваюцца інфармацыяй, яна – своеасаблівае люстэрка жыцця народа, яго грамадскага i культурнага развіцця. Матчына мова, родная мова!.. Менавіта так шаноўна і ласкава вучні і настаўнікі нашай школы называюць гэты бясцэнны духоўны набытак.

21 лютага па ініцыятыве ЮНЕСКА ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Амаль усе мерапрыемствы прадметнага тыдня былі прысвечаны гэтай даце. На інфармацыйнай гадзіне “Гучы, мая родная мова!” старэйшыя вучні пазнаёмілі сваіх малодшых сяброў з гэтым святам. У першы дзень тыдня быў дадзены старт акцыі “Усміхніся, прывітайся па-беларуску…”. У гэты ж дзень настаўнікі школы прынялі ўдзел у напісанні рэспубліканскай дыктоўкі.

Беларуская мова ў нашай установе адукацыі займае самае пачэснае месца, таму Тыдзень беларускай мовы і літаратуры – гэта жаданне і магчымасць усіх і кожнага яшчэ раз выказаць сваё шанаванне “мілагучнаму, звонкаму, спеўнаму слову”. Святочны настрой мерапрыемству надаюць з любоўю аздобленыя тэматычныя выставы і фотазоны. Цэлы тыдзень на перапынках гучыць прыгожая беларуская мова. Актуальнасць тыдня падкрэсліваецца яшчэ і тым, што да ўсіх мерапрыемстваў актыўна далучаюцца не толькі вучні і настаўнікі, але і работнікі школы, бацькі.

Мы – беларусы, бо нарадзіліся ў Беларусі. А ці дастаткова гэтага? Вядома, што не. Каб назваць сябе беларусам, трэба значна больш, чым проста нарадзіцца тут. Бясспрэчна, мы павінны ведаць гісторыю і культуру свайго народа, якая надзвычай багатая i самабытная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях, у афарбаваных міфічнасцю легендах, паданнях, мудрых прыказках, у адмысловых загадках. Таму невыпадкова добрым працягам нашага прадметнага тыдня стала гульня-падарожжа “Слова – ты, слова – я”, квэст-гульня “Родная старонка”, адбыўся крэатыўны забег у школьны музей “Этнаграфічная спадчына беларускага народа вачыма маладых” і інш. Усё гэта  садзейнічала далучэнню вучняў розных узростаў да беларускай нацыянальнай культуры праз творы вуснай народнай творчасці, якія змалку ўваходзяць у дзіцячае жыццё, каб застацца там назаўсёды. Бо менавіта на прыкладзе знаёмых вобразаў праз казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі, прыкметы, павер’і, праз іх нескладаныя сюжэты, якія перадаюць жыццёвы вопыт і маральна-практычную філасофію народа, выхоўваецца вера ў дабро, справядлівасць, раскрываюцца маральна-этычныя погляды беларусаў, што так сугучна  выхаванню пачуцця патрыятызму.

Прыгожым і арыгінальным завяршэннем тыдня стаў марафон “Пажаданняў і кампліментаў роднай мове”. Якіх толькі эпітэтаў не прагучала з вуснаў вучняў! Трэба было бачыць, як яны стараліся падабраць патрэбнае, трапнае слова, каб напісаць яго на папяровым сардэчку ў знак любові і павагі да роднай мовы! А яшчэ вучням вельмі прыйшлася да душы песня “Беларуская мова” ў выкананні гурта “Дразды”. Многія пачулі гэты цудоўны твор упершыню.

Цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы ў рамках Тыдня роднай мовы садзейнічалі не толькі фарміраванню ў дзяцей павагі і любові да роднага слова, але і ўзбагацілі новымі ведамі, далучылі да духоўнай спадчыны нашага народа.

Як добра, што мы можам даць падрастаючаму пакаленню рэальную магчымасць усвядоміць высокую каштоўнасць сваіх адносін да гісторыі і культуры роднага краю, пачуцця свайго дачынення да яго мінулага і сучаснасці, разумення сваёй адказнасці за будучыню нашай краіны. Хацелася б, каб і дарослыя, і дзеці глыбей усвядомілі: яны беларусы, у іх ёсць свая мова, непаўторная, мілагучная, якую трэба ведаць і шанаваць, каб пакінуць у спадчыну сваім дзецям.

Таццяна Галавач,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

дзяржаўнай установы адукацыі “Азёркаўская сярэдняя школа”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио