У складаных пагодных умовах даводзіцца сёлета працаваць корманарыхтоўшчыкам. Ліўневыя дажджы з градам даволі моцна ўмешваюцца і ў планы нарыхтоўкі кармоў гаспадарак Мастоўшчыны. Аднак, нягледзячы на цяжкасці, вяскоўцы стараюцца дзейнічаць як мага эфектыўней. Косяць і нарыхтоўваюць фураж там, дзе гэта магчыма на дадзены момант.
На ўчарашнюю раніцу гаспадаркі раёна паспелі скасіць 73 працэнты траў. Да зімовага сезона ўжо назапашана 30 696 тон сенажу, 2 065 тон сіласу і 293 тоны сена. У лідэрах адкрытае акцыянернае таварыства «Чарлёна», дзе першы ўкос знаходзіцца ў стадыі завяршэння: тут убрана 96 працэнтаў траў.
Амаль 80 працэнтаў складае гэты паказчык у ЗАТ «Гудзевічы», СПК імя А. Міцкевіча, РУСП «Мастаўчанка». Добра наладжаны працэс нарыхтоўкі кармоў у філіяле «Дубна» ААТ «Агракамбінат «Скідзельскі». Адна з самых вялікіх плошчаў сенажацяў у раёне 2 544 гектары у сельгаскааператыве «Азяранскі». Тут зза непагоды скошана пакуль 50 працэнтаў траў.
Якасныя кармы мясцовым аграрыям дапамагаюць нарыхтоўваць сучасныя тэхналогіі. На палях раёна другі год выкарыстоўваюцца прэспадборшчыкі «Тарнада». У палімерную плёнку гаспадаркі ўжо ўпакавалі звыш 650 тон зялёнай масы, якая будзе захоўвацца ў свежым выглядзе хоць усю зіму. Асноўныя ж запасы кармоў -- 138 013 тон -- традыцыйна ўтрамбуюць у сянажныя траншэі. Таксама будзе нарыхтавана 163 880 тон сіласу. Тут галоўнае -- трымацца тэхналогіі.
У гаспадарках раёна спадзяюцца не столькі на «нябесную канцылярыю», колькі на свае сілы, каб укласціся да тэрміну завяршэння першага ўкосу. Зараз варта падумаць і аб другім: у пагоні за тэмпамі -- не згубіць якасць кармоў, не закласці пад плёнку ў траншэі, як кажуць у народзе, «гнілаж».
Н. ШЭЎЧЫКФота С. ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад