Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Конкурс прафесійнага мастэрства ў жыцці настаўніка Пескаўскай СШ Наталлі Якубец

Конкурс прафесійнага мастэрства ў жыцці настаўніка Пескаўскай СШ Наталлі Якубец05 апреля 2023 — 10:08

Уся педагагічная грамадскасць Гродзенскай вобласці на працягу двух  месяцаў  жыла конкурсам прафесійнага майстэрства  “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь – 2023”. Конкурс стаў важнай падзеяй у жыцці настаўніка беларускай мовы і літаратуры ДУА «Пескаўская сярэдняя школа Мастоўскага раёна» Наталлі Іванаўны Якубец. Наталля Іванаўна стала лаўрэатам абласнога этапу конкурсу ў намінацыі  “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”. Для яе гэта новая матывацыя да развіцця і творчасці, школа прафесійнага росту, інструмент грамадскага прызнання. На працягу амаль трох месяцаў Наталля Іванаўна праходзіла марафон выпрабаванняў. Раённы этап конкурсу складаўся з двух тураў: завочнага і вочнага, якія ўключалі: пісьмовае прадстаўленне праекта ўрока; самапрэзентацыю ў электроннай форме; пісьмовае прадстаўленне сістэмы (вопыту) уласнай педагагічнай дзейнасці; адкрыты ўрок у незнаёмым класе па тэме, названай журы; публічнае выступленне на тэму «Выхаваць чалавека»; псіхолага-педагагічнае тэсціраванне.

Першы тур (вочна-завочны) абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў  уключаў у сябе завочную мультымедыйную самапрэзентацыю педагога, завочны конкурс метадычных распрацовак урока, завочнае пісьмовае прадстаўленне сістэмы педагагічнай дзейнасці, вочнае праектаванне ўрока  (па прапанаванай журы тэме).

У другім туры кожнаму педагогу трэба было правесці ўрок у незнаёмым класе і майстар-клас для педагогаў. Конкурсныя мерапрыемствы праходзілі на базе Навагрудскага раёна (ДУА «Сярэдняя школа № 7 г. Навагрудка»):

У трэцім туры прайшлі фінальныя конкурсныя мерапрыемствы, якія складаліся з псіхолага-педагагічнага тэсціравання, публічнага прадстаўлення сістэмы педагагічнай дзейнасці, публічнага выступлення на тэму  «Настаўнік дакранаецца да вечнасці: ён ніколі не ведае, дзе заканчваецца яго ўплыў».

Конкурс паказаў, наколькі высокі ўзровень выкарыстання  педагогам інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій, наколькі яскрава выражаны  выхаваўчы аспект, у прыватнасці, яго грамадзянска-патрыятычная накіраванасць.

“Выбраўшы для сябе прафесію настаўніка, я выбрала лад жыцця, сваю жыццёвую філасофію, – разважае Наталля Іванаўна. – Матывы выбару прафесіі былі простыя і зразумелыя: любоў да дзяцей, мора фантазіі і творчасці, якія хацелася рэалізоўваць, патрэба ў зносінах і велізарнае жаданне клапаціцца аб іншых. Я думаю, што зносіны з дзецьмі – гэта самы магутны сродак для абмену энергіяй”.

“Я не працую ў школе, я там "жыву", – гаворыць Наталля Іванаўна. - Нельга скончыць урок, зачыніўшы кабінет; немагчыма забыцца пра сваіх вучняў, вярнуўшыся дадому. Кожны дзень і кожную гадзіну я думаю пра іх. Мая мэта – навучыць іх любіць Радзіму, дапамагчы знайсці свой шлях”.

Педагагічны стаж Наталлі Іванаўны ўжо большы за чвэрць стагоддзя. Зразумела, што за доўгія гады працы настаўнікам яна назапасіла багаты вопыт, якім пастаянна дзеліцца з маладымі калегамі. Праз яе рукі, а яшчэ розум і, вядома ж, сэрца прайшлі сотні дзяцей. Для многіх з іх яна стала не проста настаўнікам, а другой мамай. Строгая, патрабавальная, але разам з тым чулая і душэўная, Наталля Іванаўна ўмее адшукаць ключык да сэрца кожнага вучня. Яна прывівае любоў да роднай мовы, вучыць дзяцей разбірацца ў правілах, а таксама ў законах, па якіх жыве сапраўдны грамадзянін нашай цудоўнай краіны. Дарэчы, яна і сама займае актыўную пазіцыю, з’яўляючыся членам прафкама, грамадскім інспектарам па ахове працы, арганізатарам экскурсійнай дзейнасці ва ўстанове адукацыі і кіраўніком школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў- прадметнікаў.

 Наталля Іванаўна належыць да ліку тых педагогаў, якія сумяшчаюць у сабе неацэнны выкладчыцкі вопыт, вялікі  аб'ём ведаў і па-сапраўднаму творчае стаўленне да працэсу навучання. Кожны ўрок педагога пачынаецца з псіхалагічнага трэнінгу, які дапамагае навучэнцам настроіцца на творчую хвалю. А затым пачынаецца займальнае падарожжа ў свет роднай мовы і літаратуры, дзе навучэнцы вучацца  граматна  пісаць і  размаўляць, разважаць, аналізаваць прачытанае, рабіць супастаўленні і высновы. Літаратура павінна выхоўваць, акрыляць чалавечую душу, рабіць яе чысцейшай, міласэрнейшай, дабрэйшай. Сёння вельмі складана заахвоціць падлетка да чытання, але Наталлі Іванаўне гэта зрабіць удаецца.

Як класны кіраўнік, яна праводзіць вельмі шмат часу са сваімі вучнямі. Разам ездзяць на экскурсіі па ўсёй рэспубліцы. Пабывалі ўжо ў Брэсцкай крэпасці, музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнай бібліятэцы, на Аўгустоўскім канале, на ААТ “Лідахлебапрадукт”, на кандытарскай фабрыцы “Камунарка”, на Мінскім трактарным заводзе і інш.

У нашай школе выдатны, дружны, творчы калектыў. Калі спатрэбіцца, кожны гатовы прыйсці на дапамогу адзін аднаму. Педагогі запэўніваюць: “Працаваць разам з Наталляй Іванаўнай – адно задавальненне!” Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Галіна Гах гаворыць аб тым, што настаўнік беларускай мовы і літаратуры адрозніваецца высокім прафесіяналізмам, душэўнай чуласцю, імкненнем да самаўдасканалення і, вядома ж, бязмежнай любоўю да дзяцей. Гэта умелы, кампетэнтны педагог, уважлівы да людзей, працавіты, спагадлівы і адказны.

Вучні Наталлі Іванаўны з'яўляюцца пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў (абласны турысцка-экскурсійны конкурс “Да суседзяў”, дыплом II ступені; раённы этап рэспубліканскай выставы-конкурсу “Ганарымся мінулым і працуем для будучыні”, дыплом I ступені; “XIX рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі”, дыплом I ступені на абласным этапе, рэспубліканскі конкурс эсэ “Жывая памяць удзячных пакаленняў”, работа апублікавана ў Калекцыйным выданні эсэ; усебеларуская маладзёжная экспедыцыя “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, дыплом I ступені на раённым этапе, дыплом II ступені на абласным этапе ў   намінацыі “Натхнёны водарам Радзімы. Святынямі роднага краю”; гадзіна памяці – пісьмовы ўрок “Каханне і подзвіг”, прысвечаны героям ВАВ  Зінаідзе Тусналобавай і Іосіфу Марчанка, дыплом II ступені на рэспубліканскім этапе і інш.).

Ёсць у Наталлі Іванаўны і іншыя дасягненні, якімі можна ганарыцца. Так, многія яе выпускнікі сёння вучацца ў самых прэстыжных ВНУ Рэспублікі Беларусь, выдатна праяўляюць сябе. Некаторыя з іх ужо загадзя выбралі для сябе прафесію педагога, што вельмі прыемна, бо настаўнікам нельга  працаваць пад прымусам. Гэта прызванне, усведамленне таго, што ў кожнага чалавека свая, асаблівая місія на зямлі.

Наталля Іванаўна  верыць у тое, што кожная запаленая ёю зорачка стане для кагосьці ў гэтым свеце чыстай, светлай і добрай пуцяводнай зоркай і кожны яе вучань у святле гэтай зоркі будзе лёгка і ўпэўнена ісці па жыцці, здзяйсняючы на сваім шляху добрыя і высакародныя ўчынкі.

 Для Наталлі Іванаўны быць настаўнікам – значыць дарыць дзецям радасць і любоў, прытрымлівацца прызвання і быць патрыётам сваёй Радзімы.

Тамара РАГАЦЭВІЧ,

намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці

ДУА “Пескаўская сярэдняя школа Мастоўскага раёна”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио