21 лютага ў нашай Гудзевіцкай сярэдняй школе прайшло свята “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”. Незвычайна пачаўся працоўны дзень. Школа была па-святочнаму прыбрана: розныя выставы, выказванні пра родную мову, саматканыя дываны, сурвэткі, ручнікі…
На парозе школы сустракалі вучняў хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальным адзенні. Яны са словамі “Калі ласка!” запрашалі і дарослых, і дзяцей з просьбай напісаць на роднай мове самае любімае слова і прымацаваць яго на плакаце з вялікім сэрцам. Так яны пераконвалі, што іх думка і слова на роднай мове – велізарнае багацце і сіла, а беларуская мова – мова ўнікальная. І сэрца атрымалася вялікае, чырвонае, прыгожае, а словы былі самыя розныя: мама, матуля, мова, Радзіма, люблю, кахаю...
У музейным пакоі была аформлена выстава “Мова народа – святыня яго”, якая адлюстроўвала багацце спеўнага, звонкага, жывога, непаўторнага роднага слова. Настаўнік беларускай мовы засяродзіла ўвагу на вершах былых выпускнікоў школы пра родную мову, на фактах з жыцця і дзейнасці нястомнага працаўніка, настаўніка беларускай мовы і літаратуры, Белакоза Алеся Мікалаевіча. Дзякуючы яму, спакон вякоў, на Гудзевіцкай зямлі гучала беларуская мова.
На перапынках вучні глядзелі мультфільмы на беларускай мове, на працягу дня ў школе гучалі беларускія песні. У гэты час хлопчыкі і дзяўчынкі сустракалі былога вучня нашай школы, пісьменніка Мікалая Пятровіча Іваноўскага. Прывітанне расчуліла Мікалая Пятровіча, слёзы радасці паявіліся на вачах. У час сустрэчы ён прызнаўся, што прывітанне вельмі кранула струны яго душы, расказаў, што любоў да роднай мовы ўвайшла ў яго жыццё з вуснаў маці, пасля на ўроках беларускай мовы прывіў Белакоз А.М., які ў свой час вучыў яго беларускай мове. Дзеці доўгі час слухалі вершы пра родную мову, пра яе багацце, унікальнасць і непаўторнасць з вуснаў самога аўтара.
Пасля сустрэчы пачаліся алімпійскія гульні “Ведай роднае слова!” Наталля Уладзіміраўна Дзямбіцкая пазнаёміла прысутных з членамі каманд “Слова” і “Сказ”. Пад лёгкую музыку ўдзельнікі змагаліся за званне алімпійскага чэмпіёна ў веданні роднай мовы. Свае творчыя здольнасці, кемлівасць, артыстызм прадэманстравалі ўдзельнікі ў конкурсах “Прыгадаем”, “ Ці праўда, што…”, Паэтычны”, “Тлумачальнік” , “ Пазнай фразеалагізм” і іншых. На “ўра” прайшла і віктарына з балельшчыкамі. Перамогу тут атрымалі Уладзіслаў Кузьміцкі, Дар’я Свяйко. І як у любых спаборніцтвах ёсць пераможцы. На гэты раз перамогу атрымала каманда “Слова”. Усе ўдзельнікі атрымалі ўзнагароды. Усім прысутным надоўга запомняцца песні ў выкананні Марыны Станілкі, Дар’і Трацяк, Марыі Шчарбіны, Дар’і Свяйко, якія стваралі працоўны настрой на працягу алімпійскіх гульняў.
Удзельнікі свята, госці, увогуле, усе прысутныя атрымалі вялікую асалоду ад свята і зразумелі, што толькі тады цябе ў свеце будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць - калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны - гэта родная мова.
Ніна Лявонцьеўна Славута,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад