Жыццё любога чалавека можна параўнаць з кнігай, у якой ёсць цікавыя старонкі і не вельмі. Цікавыя хочацца перачытваць зноў і зноў, знаходзячы ў іх бясконцую мудрасць, прыгожыя ўчынкі, цікавыя парады.
Вось і ў Таццяны Москаль, здаецца, пераважная колькасць старонак жыцця – каляровыя, сонечныя, цудоўныя, непаўторныя. Шмат з іх звязана з творчай працай у якасці бібліятэкара ў ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Масты”.
Таццяна Уладзіміраўна не проста бібліятэкар: яна і сцэнарыст, і рэжысёр, і мастак, і дэкаратар, і апавядальнік, і цікавы суразмоўца! Не верыце? Прыходзьце у школу напярэдадні Новага года, Каляд, Вялікадня, 8 Cакавіка, 23 лютага, Дня настаўніка, Дня роднай мовы. Тут вам і падарункі, і гульні, і сустрэчы, і адкрыцці, і знаёмствы… І ў звычайны, будні дзень, у бібліятэцы вы знойдзеце непаўторную атмасферу творчасці.
Некалькі гадоў назад 21 лютага ў нашу бібліятэку было не прабіцца! Столькі наведвальнікаў: і навучэнцы, і настаўнікі, і бацькі, і нават работнікі сталовай і тэхнічны персанал! Гэта быў дзень роднай мовы. І яго так “смачна” падрыхтавала Таццяна Уладзіміраўна!
Вучням папярэдне было дадзена заданне прыгатаваць беларускія нацыянальныя стравы. Настаўнікам беларускай мовы і літаратуры – паклапаціцца аб аздабленні тэматычнай выставы. Астатнюю працу Таццяна Уладзіміраўна ўзваліла на сябе. Падрыхтавала неабходны матэрыял да правядзення акцыі “Якая наша мова”, зрабіла падборку вершаў да свята, адшукала, надрукавала, прыгожа аформіла рэцэпты нацыянальных страў, не забылася пра кансерваваныя закаткі, сухія белыя грыбы, баранкі… І самае галоўнае – ніхто з ўдзельнікаў свята не пакінуў яго без падарункаў!
Святкаванне Дня беларускай мовы стала добрай традыцыяй. І ні разу наш таленавіты бібліятэкар не паўтарылася ў яго правядзенні. Незвычайная атмасфера пануе ў бібліятэцы напярэдадні Вялікадня.
Па-першае, тут наладжваецца выстава з пісанак, крашанак, крапанак, яек з мармуровым роспісам, выкананых у тэхніцы дэкупажа, аздобленых узорамі з дапамогай нітак, лісточкаў, пафарбаваных куркумой, капустай, шафранам, цыбуліным шалупіннем, каркадэ, зялёнкай, кавай, паласатыя, залатыя, касмічныя…
Па-другое, Таццяна Уладзіміраўна праводзіць майстар-клас для ўсіх жадаючых па аздабленні пасхальных яек.
Па-трэцяе, атрымаць цікавыя парады аб тым, як святкаваць Вялікдзень, якіх правіл прытрымлівацца, якія рэцэпты кулічоў выкарыстаць, што пачытаць аб традыцыях нашых продкаў у гэты дзень, усім зацікаўленым дапаможа рупліва сабраная літаратура і інфармацыя, пададзеная праз Q-коды.
Навагоднія святы заўсёды ўтрымліваюць незвычайныя таямніцы, таму іх так чакаюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Да Новага года яшчэ далёка, а ў бібліятэцы ўжо прыемна пахне елкай, дзеці пачатковых класаў пішуць лісты да Дзеда Мароза, рыхтуюцца падарункі… У час прафесійнага свята Дня настаўніка ў бібліятэцы наладжваюцца фотазоны для настаўнікаў, дзе на хвіліну можна вярнуцца ў свае школьныя гады.
Да любой справы наша Таццяна Уладзіміраўна падыходзіць крэатыўна, укладваючы ў яе частку сваёй душы. Заўсёды стрыманая, з цёплай усмешкай сустракае яна наведвальнікаў бібліятэкі. Заўсёды дасць параду, што можна пачытаць, дзе знайсці адказ на тое ці іншае пытанне. Гаспадыня кніжнага царства пільна сочыць за зменамі ў жыцці, навуцы, адукацыі і стараецца ўпэўнена крочыць наперад. Яна актыўна выкарыстоўвае патэнцыял інтэрнэт-рэсурсаў і камп’ютарных тэхналогій для стварэння прэзентацый і відэаролікаў (буктрэйлераў) паводле прачытаных кніг.
Яе маленькая дзяржава прымае ўдзел ва ўсіх вялікіх справах на адукацыйных прасторах. Так, у красавіку 2022 года Таццяна Москаль прадстаўляла нашу школу на XV Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Яго дыстанцыйны этап пачаўся ў кастрычніку мінулага года, дзе прынялі ўдзел 700 работ. І толькі 40 з іх былі вызначаны для ўдзелу ў фінальным этапе конкурсу, які прайшоў у Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі. Сярод іх была і работа Таццяны Уладзіміраўны, якая была адзначана камісіяй. Дадому Таццяна Москаль вярталася з сертыфікатам.
Таццяна КАЛЕСНІКАВА,
настаўнік ДУА “сярэдняя школа №2 г. Масты”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад