Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Каравайніца

Каравайніца18 августа 2017 — 10:10

Ірына Францаўна Шэйно працуе бібліятэкарам у Песках. У яе самая звычайная жаночая прафесія, а вось хобі сапраўды незвычайнае, апетытнае, але, на жаль, рэдкае для нашых дзён. Каля дваццаці гадоў яна выпякае прыгожыя і, што немалаважна, смачныя караваі на вясковыя васеллі, хрысціны, юбілеі і іншыя ўрачыстасці не толькі для жыхароў Песак, але і суседніх вёсак. За гэты час каравайніца прыгатавала каля трохсот караваяў. Усе, хто хоць аднойчы частаваўся яе пірагамі, у адзін голас сцвярджаюць, што такой смакаты яны яшчэ не каштавалі.

 

У нашы дні пірог ці торт не праблема набыць у любым магазіне. Гаспадыні нават на сямейныя ўрачыстасці часцей за ўсё абыходзяцца купленымі і ўсё радзей частуюць дамашніх смакатой, прыгатаванай уласнымі рукамі. А калісьці перед вялікімі святамі ў кожнай вясковай хаце пахла свежымі пірагамі і булкамі. Найбольш дасведчаных у гэтай справе жанчын запрашалі выпякаць пірагі на вяселлі.Вяршыняй майстэрства быў вясельны каравай, якім сустракалі маладых, якім у канцы ўрачыстасці частаваліся госці.


--У нашых Капачах, дзе я нарадзілася і вырасла, вяселле было значнай і радаснай падзеяй для ўсіх вяскоўцаў. Мы, дзеці, не прапускалі ніводнага, для нас збегаць на вяселле было абавязкам, як аматару тэатра наведаць прэм’еру новага спектакля. Дзяўчаты звычайна прыглядаліся да ўбрання нявесты і ацэньвалі яго. Мяне ж больш цікавілі і захаплялі каравайніцы са сваімі караваямі. Іх у нашай вёсцы ў той час было пяць, а каравай у кожнай атрымліваўся як сапраўдны шэдэўр, і галоўнае, што гэтыя творы мастацтва ніколі не паўтараліся. А якой павагай каравайніцы карысталіся ў вяскоўцаў, колькі слоў удзячнасці гаварылася ў іх адрас на вяселлях. Вось вырасту і навучуся пячы такія ж караваі, а можа, нават прыгажэйшыя, -- марыла тады малая Ірына.
Першы свой трох’ярусны каравай, прыгатаваны на вяселле пляменніцы Вольгі, Ірына Францаўна памятае і сёння. У гасцей ён выклікаў такое захапленне, што яны доўга не рашаліся рэзаць такую прыгажосць на кусочкі. Тады жанчына адчула, што захапленне караваямі ў яе надоўга. А самы вялікі каравай вышынёй з паўметра на адным з вяселляў свацця і сват, каб не выпусціць з рук, неслі па чарзе.


Многа караваяў прыгатавана рукамі Ірыны Францаўны. Яны паўтараюцца толькі выдатнымі смакавымі якасцямі і ніколі афармленнем, бо да аздаблення кожнага каравайніца падыходзіць як мастак да напісання карціны. А караваі смачныя, і іх можна есці да апошняга пялёстка ад ружы, таму што Ірына Францаўна для выпечкі выкарыстоўвае толькі натуральныя прадукты, нават фарбавальнікамі стараецца карыстацца толькі тымі, што стварыла прырода.


Сапраўдных каравайніц у вёсках становіцца ўсё менш. Работа гэтая крапатлівая, на прыгатаванне аднаго каравая патрэбны двое-трое сутак. Бывае, што каравай з першага разу не задасца, і тады цеста даводзіцца замешваць некалькі разоў. На гэта патрэбны цярпенне і вытрымка, таму шаблонныя пірагі, прыгатаваныя ў кулінарных цэхах, бязлітасна выцясняюць дамашнюю смакату, яна не вытрымлівае канкурэнцыі.


-- Нельга забываць традыцыі нашых продкаў. Я захапілася прыгатаваннем пірагоў і караваяў, каб не згубілася справа, якой займаліся нашы бабулі. Муж заўсёды шкадуе, што прыгажосць, на стварэнне якой затрачана мною нямала часу, пазней з’ядаецца. Тут я знайшла выйсце: самыя прыгожыя караваі фатаграфую. Такіх здымкаў ужо набралася цэлая калекцыя. Буду задаволена, калі маё хобі падтрымаюць і засвояць унучкі. Старэйшая Ульяна ўжо сёння не толькі з цікавасцю назірае, як я працую на кухні, але і стараецца дапамагаць, -- радуецца Ірына Францаўна Шэйно.


Бабуля будзе радавацца яшчэ больш, калі ўнучкі Ульяна і Соф’я аднойчы пачастуюць яе пірагом, прыгатаваным уласнымі рукамі. Гэтага яна марыць дачакацца ад дзяўчынак.


Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Фота з асабістага архіва І. Шэйно


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио