Дзесяць год прайшло з таго часу, як жыхары вёскі Шасцілы, што на тэрыторыі Курылавіцкага сельскага Савета, выбралі Галіну Валяр’янаўну Кахновіч сельскім старастай. На гэтай пасадзе яна замяніла свайго мужа Часлава Станіслававіча. А яшчэ Галіна Валяр’янаўна трэці раз запар выбіраецца дэтутатам Курылавіцкага сельскага Савета.
— Галіне Валяр’янаўне і Чаславу Станіслававічу Кахновічам можна даручаць любую справу і быць упэўненым, што яны не падвядуць, выканаюць даручанае, як трэба. Нядаўна сельскі стараста арганізавала вяскоўцаў на патрэбную і вялікую справу — добраўпарадкаванне мясцовых могілак. Для гэтага амаль усе жыхары Шасцілоў не толькі прыклалі свае рукі і намаганні, але і сабралі некаторую суму грошай, недастаючыя сродкі на добраўпарадкаванне могілак выдзеліў мясцовы СПК “Азяранскі”, — з задавальненнем расказвае пра ініцыятыўнага сельскага старасту старшыня Курылавіцкага сельскага Савета Сяргей Валяр’янавіч Каспяровіч.
Уклад вясковага жыцця мае сваю адметную рысу: там усе жыхары адзін у другога навідавоку, бачыцца і ацэньваецца як добрае, так і дрэннае. Заслугоўваюць павагу і аўтарытэт самыя дастойныя. А той факт, што ў Шасцілы Кахновічы прыехалі дваццаць шэсць год назад і сталі для мясцовых жыхароў сваімі, характарызуе іх станоўча.
— Калі мы з мужам прыехалі ў Шасцілы, былі прыемна ўражаны прыгажосцю мясцовых краявідаў: побач лес, рэчка Шчара, чыстае паветра, як на самым лепшым курорце. Вясковая вуліца звінела дзіцячымі галасамі, амаль у кожнай хаце было тады па двое-трое дзяцей. Мяне яшчэ здзівіў і той факт, што ўсе ў вёсцы даводзіліся адзін аднаму сваякамі. Вяселлі, ра-дзіны спраўлялі ўсёй вёскай. А сёння Шасцілы пастарэлі і абязлюдзелі, тут засталося каля трыццаці вяскоўцаў, пераважна бабулі-пенсіянеркі. Яны і звяртаюцца да сельскага старасты і проста да маладзейшых суседзяў са сваімі просьбамі: дапамагчы ім прывезці з лесу дровы, вясной і восенню ўзараць агароды. Добра, што ў нашай вёсцы захавалася адзіная на ўвесь раён конеферма, дзе зараз знаходзяцца трыццаць коней, і праблемы пажылых вяскоўцаў, дзякуючы гэтаму факту, вырашаюца хутка. Наш заатэхнік Ганна Павлаўна Галаўко марыць займацца конегадоўляй сур’ёзна , каб яна прыносіла прыбытак гаспадарцы, — ахвотна расказвае пра вясковае жыццё ў лясной глыбінцы сельскі стараста.
Конеферма і работа ў паляводчай брыгадзе—- ледзь не адзіныя сферы, дзе жыхары Шасцілоў працаздольнага ўзросту могуць прыкласці свае ўменні і намаганні, каб зарабіць нейкую капейку. Галіна Валяр’янаўна Кахновіч -- не толькі сельскі стараста, але і памочнік брыгадзіра вытворчага ўчастка №4, у яе абавязкі ўваходзіць кантраляваць і работу на конеферме, таму адносіны да коней у гэтай жанчыны асаблівыя. У падсобнай гаспадарцы Кахновічаў не толькі дзве каровы, свінні, куры, качкі, але і ўласны конь.З некаторага часу, калі сын стаў карыстацца бацькоў-скай машынай, конь замяніў Чаславу Станіслававічу і Галіне Валяр’янаўне транспартны сродак.
-- Коней немагчыма не любіць. Я добра вывучыла іх звычкі. Магу самастойна запрагчы і распрагчы, паехаць куды трэба. Адно толькі што вярхом яшчэ не спрабавала пракаціцца, але думаю, што прыйдзе такі момант, што адважуся і на гэта, — усміхаецца Галіна Валяр’янаўна.
Ці змагла б яна з мужам памяць вёску на горад? Пра гэта ў жанчыны нават і не пытаюся. Яно і так зразумела, не змагла б! Для Кахновічаў адмовіцца ад працы на зямлі, ад каня, каровы тое самае, што перастаць дыхаць і жыць. Пакуль жывуць такія людзі на зямлі, будуць жыць і невялікія вёсачкі . Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад