У многіх дзяцей вольны час на працягу канікул размеркаваны па гадзінах. Але калі ёсць інтарэс да сумесных зносін, да адкрыцця і пазнання новага, то многія мяняюць свае планы і спяшаюцца на экскурсію. Так здарылася і з вучнямі 7 “А” класа гарадской пятай школы.
Яшчэ да канікул намі было запланавана наведванне гарадской станцыі сарціроўкі смецця і станцыі абезжалезвання вады.
Настаў дзень экскурсіі. Усе, хто меў магчымасць, накіраваліся на першы прыпынак, запланаваны ў нашым маршруце, - станцыю сарціроўкі смецця. Пакуль ішлі, у дзяцей было многа меркаванняў наконт таго, што адбываецца на аб’екце, хто і якім чынам перапрацоўвае смецце…
Калі падышлі да станцыі, то былі прыемна ўражаны, бо нас сустракаў дырэктар Мастоўскага РУП ЖКГ А.Я.Касаверскі. Аляксандр Яўгенавіч правёў не толькі цікавую, але і вельмі пазнавальную экскурсію, адказаў на ўсе пытанні дзяцей.
Другім прыпынкам маршрута стала наведванне артэзіянскай свідравіны, дзе дзеці змаглі ўвачавідкі ўбачыць канструкцыю па здабыванні вады для жыхароў нашага горада, пачуць інфармацыю пра шлях вады ад свідравіны да нашага стала…
І апошнім прыпынкам стала наведванне станцыі абезжалезвання вады, дзе рабятам даступна і падрабязна расказалі аб самім працэсе ачысткі вады, якая цячэ з нашых кранаў. А яшчэ дзеці правялі дэгустацыю такой ачышчанай вады і засталіся задаволены яе смакам.
Вярталіся дамоў з экскурсіі ў прыўзнятым настроі. Рабяты і не думалі, што будзе цікава на такіх прадпрыемствах. Але не толькі добры настрой авалодаў дзецьмі: яны задумаліся аб сваіх учынках у адносінах да вады, прыроды…
Спадзяюся, што набытая інфармацыя не знікне, а будзе перадавацца дзецям, дарослым і праявіцца ў рэальных справах.
Хачу выказаць асабістую падзяку дырэктару Мастоўскага РУП ЖКГ А.Я.Касаверскаму, майстру ўчастка ВіК Г.В.Ахрымовічу за праведзеную экскурсію.
Т. Галонская,
класны кіраўнік
7 “А” класа дзяржаўнай установы адукацыі
“Сярэдняя школа №5 г.Масты”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад