У Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся канцэрт занальнага абласнога тура V Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, падчас якога свае таленты дэманстравалі юныя дараванні Мастоўшчыны і Шчучыншчыны.
На адным дыханні прайшла канцэртная праграма, падрыхтаваная педагогамі і юнымі зорачкамі нашага раёна. 22 прыгожыя нумары былі прадстаўлены журы, у склад якога ўваходзілі спецыялісты Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. Яркія выступленні, прыгожыя касцюмы, уменне артыстаў выдатна трымацца на сцэне – дасканала прадуманы быў кожны нумар.
Большасць удзельнікаў – гэта выхаванцы Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, сярод якіх танцавальны калектыў “Кантрасты”, квартэт, квінтэт, а таксама дуэт узорнай студыі “Апрель” у складзе Паліны Бекіш і Валерыі Кос, узорная студыя моды “Гармонія”, выхаванцы студыі эстраднага вакалу “Элегія” Сафія Хільмановіч, Анастасія Жагунь, Яна Мікула, Паліна Цыбульская. Выдатна выступілі і вучні ўстаноў адукацыі нашага раёна: Вадзім Васюк з Жалудоцкай СШ імя В. Урублеўскага, Святлана Лунь, Дар’я Барыш і ансамбль барабаншчыц з гімназіі, Марыя Смалянская з Каменскага дз/с-СШ, танцавальны калектыў “Спектр” з Дэмбраўскага дз/с-СШ, Дзіяна Сарока з СШ №1 г. Шчучына, Марыя Зялінская і Ілья Міхальцаў з Галавічпольскага дз/с-СШ. Песні, танцы, вершы – не было межаў для дэманстрацыі талентаў рабят.
– Падчас гэтага канцэрта былі прадстаўлены самыя лепшыя нумары, – гаворыць галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Вольга Пятроўна Чыжык. – Яны былі адабраны пасля раённага прагляду, якому папярэднічаў школьны этап. Рэзультат сённяшняга этапа мы даведаемся 10 лютага, калі нашы лепшыя юныя артысты атрымаюць запрашэнне ўдзельнічаць у адборы для выніковага рэспубліканскага канцэрта. Дарэчы, акрамя нумароў харэаграфічнай, вакальнай і тэатральнай творчасці для ўдзелу прадстаўляюцца работы дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва юных дараванняў. На выставе, арганізаванай у Палацы творчасці дзяцей і моладзі, сабрана больш за 120 работ вучняў устаноў адукацыі нашага раёна, 22 з іх адабраны як лепшыя.
Сваёй малой радзіме – Шчучыншчыне, а таксама любай Беларусі прысвячалі выступленні юныя артысты. Удала ўпісаўся ў яркую канцэртную праграму вобраз Несцеркі. Выдатна адчувалі сябе на сцэне яго маленькія памочнікі – вядучыя. Асаблівы каларыт прыўнёс ужо ўсімі любімы мульцяшны персанаж – конь Юлій.
Яркі і відовішчны атрымаўся канцэрт! Здорава, што наша Шчучыншчына такая багатая на юныя таленты. Гэта і ёсць галоўная скарбніца нашай зямлі. І няхай сабе не ўсе пройдуць у фінал, зорачкамі яны ўжо сталі!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад