Работнікі Мастоўскага лясніцтва дапамагаюць жыхарам горада і раёна ўпрыгожваць свае падворкі і палісаднікі. Кожны жадаючы можа набыць у лясніцтве для сваіх патрэб экзатычныя заморскія кустарнікі. З гэтай мэтай на тэрыторыі лясніцтва пабудавана цяпліца, плошча якой васемнаццаць квадратных метраў, і гадавальнік для вырошчвання саджанцаў.
Сёлета тут вырошчваюцца для патрэб насельніцтва некалькі відаў туі, ядлоўцу, лісцевы барбарыс, вейгела, фарзіцыя, кізільнік, самшыт, спірэя—усяго каля тысячы саджанцаў, і ўсе яны, як мяркуе памочнік ляснічага Святлана Чаславаўна Тамашэвіч, паспяхова раскупяцца жыхарамі раёна. Каштуе адзін саджанец 30 тысяч рублёў. С.Ч. Тамашэвіч і А.І. Жвірбля навучыліся размнажаць заморскія расліны метадам чаранкавання.
Хутка наступіць спрыяльны перыяд для пасадкі гэтых кустарнікаў на сваіх участках. Работнікі лясніцтва запрашаюць жадаючых за зялёнымі пакупкамі.
І яшчэ яны з нецярпеннем чакаюць, калі зацвіце фарзіцыя. Гэта самы ранні кустарнік, які цвіце прыгожымі кветкамі. Сёлета з-за халадоў фарзіцыя прыпазнілася парадаваць нас сваёй прыгажосцю.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад