Раённы этап музейнага экалагічнага конкурсу “Экалогія. Чалавек. Будучыня” сабраў у музеі “Лес і чалавек” юных абаронцаў прыроды з гімназіі №1 г. Масты, Дубненскай і Правамастоўскай сярэдніх школ. Пераможцай інтэлектуальнага і творчага паядынку стала каманда “Эколагі” з Правых Мастоў. Яна і прыме ўдзел у рэгіянальным туры экалагічнага спаборніцтва ў Лідзе.
- З кожным годам колькасць экалагічных праблем узрастае. Пазбегнуць іх немагчыма. Аднак пераадолець і вырашыць некаторыя з іх, каб тым самым паклапаціцца аб будучым нашай планеты, нам пад сілу. Над вырашэннем гэтай задачы на працягу дванаццаці гадоў і працуе наш музей і наш экалагічны конкурс, - падкрэсліла дырэктар музея “Лес і чалавек” Наталля Анатольеўна Пуцілоўская. – А пастаўленыя мэты паспяхова дасягаюцца не толькі на раённым, але і на міжрэгіяльнальным узроўні. Так, акрамя юных эколагаў Мастоўшчыны свае веды ў пытаннях экалогіі ўжо прадэманстравалі рабяты з Дзятлаўскага, Свіслацкага, Бераставіцкага і Лідскага раёнаў Гродзеншчыны.
Каб перамагчы ў раённым этапе конкурсу і заваяваць званне лепшых эколагаў Мастоўшчыны, школьнікам з гімназіі №1 г. Масты, Правых Мастоў і Дубна давялося прайсці некалькі этапаў. Яны расказалі пра сябе і свой ўклад у справу аховы роднай прыроды і любімага Мастоўскага краю падчас прэзентацыі каманд. Адказвалі на пытанні віктарыны аб птушках і раслінах, што знаходзяцца пад абаронай дзяржавы і занесены ў Чырвоную кнігу. Выступалі з творчымі нумарамі на экалагічную тэму і дэфіліравалі ў мадэлях з бытавых адходаў. Пры гэтым яны дэманстравалі не толькі добрыя веды, творчыя здольнасці, крэатыўнасць і артыстычнасць, але і асабістыя перакананні ў пытаннях захавання і прымнажэння прыроднай разнастайнасці.
Веды рабят папоўніліся новымі цікавымі звесткамі пра заранку – прыродны сімвал Мастоўскага раёна, вялікага падворліка – птушку 2019 года ў нашай краіне. Даведаліся школьнікі і пра значэнне водна-балотных ўгоддзяў для жыцця чалавека, унікальны жывёльна-раслінны свет гэтага прыроднага згуртавання. Дружнымі апладысментамі сустракалі ўдзельнікі конкурсу мясцовую паэтэсу, члена журы Галіну Васілеўскую з вершамі пра родны край.
Перамогу на гэты раз святкавалі юныя эколагі з Правамастоўскай школы, але пераможаных на конкурсе не было. Усе былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі, а ў выйгрышы, у канчатковым выніку, застанецца прырода, у якой падрастае такі надзейны экалагічны дазор – ініцыятыўны, актыўны, нераўнадушны, здольны прыйсці на дапамогу сказаць сваё важкае слова ў абарону прыроды.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад