Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодёжьМолодёжьСоциумОбщественная жизньНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Калядныя традыцыі ў Азёркаўскай школе

Калядныя традыцыі ў Азёркаўскай школе17 января 2023 — 16:34

Устойлівасць і парадак у грамадстве у значнай меры залежаць ад трываласці звычаяў і традыцый. Так, менавіта яны, пераходзячы ад старэйшых пакаленняў да малодшых, ствараюць той падмурак, на якім спрадвеку трымаецца грамадскае жыццё.

Сярод  шматлікіх традыцый беларускага народа, якія з’яўляюцца яшчэ і народнымі святамі, самымі папулярнымі бадай што сталі Каляды. Каляды – гэта так званыя Святыя вечары. Яны пачынаюцца ўвечары 6 студзеня (Раство Хрыстова, Сачэльнік, Бедная куцця) і доўжацца да 13 студзеня (Стары Новы год, Шчодрык), а потым яшчэ і да 19 студзеня (Хрышчэнне Гасподне).

Ва ўсходнеславянскіх народаў, у тым ліку і беларусаў, з даўніх вякоў  цесна перапляліся старыя язычніцкія звычаі з хрысціянскімі. Першыя вядуць свае карані ад тых часоў, калі чалавек моцна залежаў ад  прыроды і таму надзяляў яе цудадзейнымі сіламі. Прыйшоўшая на змену язычніцтву новая хрысціянская рэлігія прыстасавала да яго свае святы і абрады. Гэта змяшэнне можна назіраць і зараз, у тым ліку і ў Калядах.

Да Каляд людзі заўсёды старанна рыхтаваліся: прыбіраліся ў хаце, калолі свінню, каб было не брыдка сустракаць гасцей. Моладзь і дзеці, апранутыя ў розныя касцюмы, хадзілі па хатах, распявалі спецыяльныя калядныя песні. У іх абавязкова славілі нараджэнне Хрыста – і гэта хрысціянская традыцыя. Акрамя таго, жадалі гаспадарам  багатага  ўраджаю і дабрабыту ў наступным годзе. Абавязкова насілі калядную зорку, вадзілі з сабой “казу” і “мядзведзя”. А гэта язычніцкія звычаі, якія звязаны са святкаваннем павароту сонца з зімы на вясну і лета. Каляднікаў гаспадары шчодра адорвалі: каўбаска, кавалак сала і пірага былі самымі жаданымі прысмакамі, якія адпраўляліся ў мех да механошы. Абышоўшы столькі хат, наколькі хапала сіл і часу, калядоўшчыкі ўсе разам з’ядалі здоранае або дзялілі яго на ўсіх пароўну. Лічылася, што тыя гаспадары, да якіх не зойдуць госці, не будуць мець дастатку і шчасця ў доме. Дрэннай прыкметай было і адмаўленне каляднікам у калядаванні або зачыненыя дзверы дома.

Пазнаёміўшыся з каляднымі святамі ў тэорыі, мы вырашылі апрабаваць іх на практыцы,тым больш што з верасня 2022 года ў нашай школе адкрыта вучэбная бізнес-кампанія “Вытокі”, якая і займаецца больш дакладна гэтай справай,  а таму на 7 студзеня прызначылі калядаванне ў нашай вёсцы Вялікія Азёркі. Доўга і старанна рыхтаваліся: паўтаралі словы кожнага ўдзельніка ў адпаведнасці са сцэнарыем, рэпетыравалі песні. Але самае захапляючае і цікавае пачалося, калі ўбачылі адзін аднаго ў касцюмах. Каго тут толькі не было! “Казой” згадзілася быць  Гульба Кацярына, “мядзведзем” – яе брат Арсеній, а насіць калядную зорку ўзяўся Давід Пась. “Цыганскі табар” склалі дзесяцікласніцы Наталля Жук, Дар’я Дзядовіч  і Ксенія Бабіч, узначаліла яго  дырэктар  Валянціна Мармыш. Усе падарункі збіралі ў мяшок яе ўнукі Лідачка і Сямён Дудко, якія знарок прыехалі з Гродна, каб паўдзельнічаць у народным свяце! Калядныя песні спявалі пад акампанемент акардэона І. А. Гарбацэвіч. У ролі фотакарэспандэнта была намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Т. А. Халецкая.

Надвор’е ў той дзень выдалася па-сапраўднаму зімовым – з марозікам і сняжком. Прама  ад навагодняй ёлкі, што ля школьнага  парога, рушылі ўсёй вясёлай кампаніяй у незабыўнае падарожжа, наперад у мінулае! Абышлі нямала дамоў, нават у магазіне пакалядавалі. Не забылі павіншаваць і нашага былога дырэктара школы Ігара Дравіцу, які зараз на заслужаным адпачынку. У адказ на нашы жартоўныя і шчырыя пажаданні гаспадары сустракалі нас з радасцю і шчодрымі падарункамі.      Крыху стомленыя, але задаволеныя, з важкім мяшком прысмакаў, вярнуліся мы ў школу далёка апоўдні. Асабліва цяжка дасталося “казе”! У кожным доме ёй прыходзілася падаць перад гаспадарамі на падлогу, брыкаць ножкамі, каб выпрасіць “на кожны ражок і хвасток шматок сала, каб каза на ножанькі ўстала”. Прытаміліся і цыганкі, танцуючы цыганачку разам з гаспадарамі.

Але ўсе цяжкасці хутка забываюцца, і ў памяці надоўга застаюцца толькі самыя радасныя і прыемныя ўражанні і эмоцыі. Наперадзе яшчэ шмат каляндарных свят з іх традыцыямі і абрадамі, у якіх мы плануем паўдзельнічаць. А як жа  іначай? Людзі ж самі ствараюць гісторыю і пішуць яе для новых пакаленняў таксама самі. 

Ірына Гарбацэвіч,

кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Музычны калейдаскоп”

Азёркаўскай сярэдняй школы


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио