Стала добрай традыцыяй праводзіць калядныя і навагоднія святы не толькі весела, але і з творчай фантазіяй і выдумкай. Падчас свят сацыяльныя работнікі з Гудзевіч і Галубоў аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ГУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна” на некаторы час пераўвасобіліся ў артыстаў і падрыхтавалі для сваіх падапечных цікавую забаўляльную праграму “Калядныя пасядзелкі”. Такое мерапрыемства прайшло ў нашым раёне ўпершыню.
У Гудзевічах сацыяльныя работнікі Таццяна Іванаўна Кузьміцкая, Ганна Іванаўна Арда, Зоя Віктараўна Рачкоўская, Алена Іосіфаўна Рыжэўская, Вольга Ігараўна Палавеня, Ірына Іванаўна Андрэйчык, Святлана Яўгенаўна Качан, Зоя Уладзіміраўна Дубатоўка, пазычыўшы сцэнічныя касцюмы ў мясцовых работнікаў культуры, пераапрануліся ў вясёлых калядоўшчыкаў. Спяваючы калядкі, яны хадзілі і віншавалі сваіх бабуляў і дзядуляў, жадалі ім здароўя, дабрабыту і шчасця.
У Галубах калядавалі Ірына Раманаўна Гедрэвіч, Алена Лявонцьеўна Панасевіч, Ала Аляксееўна Адамовіч, Лілія Віктараўна Траян, Рыта Сяргееўна Іванчык, Таццяна Сямёнаўна Парфіновіч, Надзея Васільеўна Парфіновіч, Валянціна Лявоцьеўна Місевіч.
Трэба было бачыць, як шчыра сустракалі сваіх сацыяльных работнікаў ў незвычайнай ролі калядоўшчыкаў састарэлыя вяскоўцы, якой радасцю поўніліся іх сэрцы і якім бляскам свяціліся іх вочы! Артысты стараліся заглянуць у кожны дом, даставіць радасць кожнай бабулі і дзядулю. Удзячныя гаспадары, як заведзена на Беларусі здаўна, стараліся пачаставаць калядоўшчыкаў. Атмасфера весялосці панавала ў кожным доме, куды завіталі госці.
-- “Калядныя пасядзелкі” мы правялі ўпершыню. Гледзячы на задаволеныя твары састарэлых вяскоўцаў, думаю, што ўсё атрымалася. Магчыма, яны прыжывуцца ў нашым раёне.
Аказваецца, нашы сацыяльныя работнікі не толькі добрыя і чулыя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу сваім падапечным у любы час, але і выдатныя артысты, -- дзеліцца ўражаннямі ад “Калядных пасядзелак” загадчыца аддзялення цэнтра Святлана Іванаўна Герасімчык.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Фота прадастаўлена
ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна»
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад