Сёмага-восьмага студзеня жыхары Вялікіх Азёрак шчодрымі падарункамі сустракалі ў сваіх дамах калядоўшчыкаў, у ролі якіх выступілі работнікі культуры Галіна Шалястовіч, Ірына Шалястовіч, а таксама мясцовыя артысты Юлія Майсюк, Крысціна Тур, Сяргей Ткачэнка і Даніла Шалястовіч.
Абрад калядавання ў Вялікіх Азёрках ужо стаў добрай традыцыяй.А на гэты раз калядоўшчыкам і прырода паспрыяла. Марозны вечар, бялюткі снег, яркі месяц і мноства зорак на цёмным небе -- прырода, як і людзі, радавалася нараджэнню Хрыста і спрыяла святочнаму настрою, настройвала ўсіх сяльчан на дабрыню, міласэрнасць, спагаду і любоў да бліжняга.
Настрой сапраўды быў святочны: песні, пажаданні шчасця, здароўя і прыбытку кожнай хаце і кожнаму гаспадару. “Дзе Каза ходзіць, там шчасце родзіць”, -- спявалі калядоўшчыкі. На гэты раз Каза, ролю якой выдатна выканаў Сяргей Ткачэнка, была шчодрай на шчырыя пажаданні. А гаспадары , куды яна завітвала, не менш шчодра частавалі калядоўшчыкаў рознымі прысмакамі.Калядны вечар у Вялікіх Азёрках удаўся на славу!
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад