Жыццё наша складаецца з маленькіх і вялікіх выпадковасцей і, бывае, маленькія прадвызначаюць увесь далейшы лёс чалавека. Рэгіна Іванаўна Дравіца, сёння намеснік дырэктара Азёркаўскай сярэдняй школы па выхаваўчай рабоце, у свой час магла застацца працаваць у Мінску. Але яе, як лепшую выпускніцу, запрасіў у школу на пасаду старшай піянерважатай тагачасны дырэктар Азёркаўскай школы Міхаіл Іванавіч Пась. Вярнулася ў родную школу і засталася вернай ёй на цэлых трыццаць тры гады -- такі сёння педагагічны стаж Рэгіны Іванаўны. І трэба было так стацца, што ў роднай школе малады педагог сустрэла сваё каханне і жаночае шчасце ў асобе Ігара Мікалаевіча Дравіцы.
—Напэўна, інакш і быць не магло. Мы, вясковыя дзяўчаты, яшчэ будучы школьніцамі, пагалоўна марылі стаць настаўнікамі ці ўрачамі, хлопцы— аграномамі ці інжынерамі. Магчыма, таму што аб іншых прафесіях і спецыяльнасцях мы тады мелі смутнае ўяўленне і, тым не менш, я ні разу не пашкадавала, што стала настаўніцай, — пераканана сёння Р. І. Дравіца. —Цяпер у нашай сям’і ўжо цэлая дынастыя педагогаў — восем чалавек. Пачыналася яна з нашых бацькоў, а працягваюць — дзеці і ўнукі, — шчыра радуецца Рэгіна Іванаўна.
Свайго бацьку Івана Ігнатавіча Рэгіна Іванаўна не памятае, ён памёр, калі дзяўчынцы не было і пяці гадоў. Але яго да гэтага часу памятаюць старэйшыя жыхары Букштава, дзе ён у свой час настаўнічаў. Дачцы, напэўна, ад бацькі перадаўся ў спадчыну педагагічны талент. Школьная ж выкладчыца нямецкай мовы Яўгенія Канстанцінаўна Шкуда здолела разгледзець у Рэгіны здольнасць да вывучэння нямецкай мовы і парэкамендавала дзяўчыне паступаць у інстытут замежных моў.
Гонар і хвала таму настаўніку, хто паўтарыў сябе ў вучнях, якія будуць працягваць яго справу. А яшчэ лепш, калі яны ў сваіх поспехах змогуць пераўзысці свайго настаўніка. Выпускнікі Азёркаўскай школы -- Ірына Філіпчык, Марына Траян, Вольга Духцік і Алёна Блажэвіч -- з замежнай мовай звязалі сваё жыццё, яны — радасць і гонар Рэгіны Іванаўны.
На ўроках нямецкай мовы яна ўсім сваім вучням імкнецца даць трывалыя веды. Найбольш здольныя і працавітыя неаднаразова станавіліся прызёрамі раённых алімпіяд і конкурсаў рознага ўзроўню. Як намеснік дырэктара, Рэгіна Іванаўна імкнецца стварыць у школе ўмовы для выхавання гарманічнай асобы. Яна вучыць рабят любіць і паважаць нацыянальныя традыцыі свайго народа, з пачуццём нацыянальнага гонару адносіцца да культурнай спадчыны, разуменню свайго месца ў грамадстве, каб вучні вырасталі патрыётамі і сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. За педага-гічнае майстэрства і прафесіяналізм, арганізатарскія ўменні і навыкі Рэгіна Іванаўна Дравіца ўзнагароджана граматамі аддзела адукацыі Мастоў-скага райвыканкама, Падзячнымі пісьмамі райвыканкама і Гродзенскага аблвыканкама.
Па традыцыі, якая фарміравалася гадамі, нас-таўнік і, асабліва вясковы, заўсёды быў і ёсць у цэнтры грамадскага жыцця. Акрамя вучэбнага працэсу, ён у вёсцы адказваў і адказвае шмат за што: выбіраецца членам шматлікіх камісій, нават, бывае, за санітарны стан і парадак у вёсцы даво-дзіцца “змагацца”. Грамадскай работай звычайна “нагружаюць” людзей ініцыятыўных. Рэгіна Іванаўна — чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, за якую б справу ні бралася, стараецца выканаць яе акуратна, з поў-най аддачай. З 1996 года яна -- нязменны старшыня Азёркаўскай участковай выбарчай камісіі і паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі, з’яўляецца членам ГА “Белая Русь”.
Нядаўна Р.І. Дравіца ўдзельнічала ў раённым конкурсе “Жанчына года”, прадстаўлялася ў самай прыгожай і добрай намінацыі “За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне”. Рэгіна Іванаўна -- цікавая творчая асоба, сама распрацоўвае і піша сцэнарыі да школьных мерапрыемстваў. Калі прыходзіць творчае натхненне, на паперу кладуцца вершаваныя радкі.
І яшчэ яна вялікі аматар кветак. Іх рознакаляровая палітра радуе вока і ў кватэры, і на двары каля дома: —Я не ведаю той жанчыны, якая была б раўнадушнай да кветак, не марыла б атрымаць у падарунак ад каханага прыгожы букет. А самыя нераўнадушныя вырошчваюць кветкавую прыгажосць у кватэрах на падаконніках і ў двары на клумбах. Тым больш, што ў апошні час кветкаводы атрымалі шырокі доступ да многіх экзатычных і прыгожых заморскіх кветак, якіх раней мы і ў вочы не бачылі. Хіба можна не любавацца царыцамі кветак — архідэяй ці ружай? — так проста разважае над сваімі захапленнямі Рэгіна Іванаўна Дравіца.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧФота з сямейнага архіва сям”і ДРАВІЦАЎ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад