19 июля 2026 — 10:00
Лета ў самым разгары, і для многіх маладых людзей па ўсёй краіне надыходзіць вельмі хвалюючы і адказны час. Гэта перыяд, калі трэба зрабіць правільны выбар для атрымання прафесійнай адукацыі, набыцця новых навыкаў і пабудовы паспяховай кар'еры. Славутыя ўніверсітэты, інстытуты і каледжы расчыняюць дзверы, каб прыняць пад свой дах чарговую плеяду амбіцыйных і мэтанакіраваных студэнтаў, гатовых прысвяціць сябе навуцы, даследаванням і развіццю сваіх талентаў.
Сямнаццацігадовы Даніла Барашка з ДУА “Пескаўская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Віктара Іванавіча Яронькі” ўжо з гонарам можа сказаць: “Я – студэнт”. Яго шматгадовая мара збылася: ён студэнт лесагаспадарчага факультэта БДТУ.
Даніла нарадзіўся ў аграгарадку Пескі. Кругом – лес, азёры ды рака Зяльвянка. З дзяцінства любіў пахадзіць з кошыкам, збіраючы грыбы, ягады. Радаваўся, што мае магчымасць любавацца прыгожымі краявідамі сваёй радзімы, і ўжо ў малодшых класах марыў выбраць сабе такую прафесію, каб яна непасрэдна была звязана з лесам.
Важны ўплыў пры выбары прафесіі на свайго сына аказаў бацька, Барашка Юрый Віктаравіч, які працуе вальшчыкам у Пескаўскім лясніцтве. Ён сапраўдны прафесіянал сваёй справы і пастаянна дэманструе высокія вынікі працы.
На працягу двух гадоў Даніла з’яўляўся навучэнцам Рэспубліканскай школы актыву юных лесаводаў, якая створана на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства з мэтай выяўлення і падтрымкі теленавітай моладзі, ранняй прафарыентацыі для работы ў лясной гаспадарцы. Напісаў і паспяхова абараніў дыпломную работу па тэме “Праект збору насення сасны”.
Удзельнічаючы ў Рэспубліканскай анлайн-алімпіядзе “Лясныя рэсурсы і лясны комплекс Беларусі”, заняў 3 месца. Гэта яшчэ раз пераканала Данілу ў тым, што ён ідзе ў правільным накірунку.
На працягу чатырох гадоў Даніла з’яўляўся членам школьнага лясніцтва “Лясны дазор”. Ён разам з іншымі навучэнцамі ўдзельнічаў у вырошчванні пасадачнага матэрыялу ў гадавальніках, азеляненні населеных пунктаў, тэрыторыі Пескаўскага лясніцтва, установы адукацыі, зборы насення драўнінных і хмызнякоў, нарыхтоўцы кармоў для зімовага падкорму лясных звяроў, развешванні кармушак і шпакоўняў. Эрудыцыя, энтузіязм, крэатыўнасць і ініцыятыўнасць усіх членаў школьнага лясніцтва дапамаглі ім атрымаць дыплом III ступені ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе школьных лясніцтваў.

Нішто так не садзейнічае стварэнню будучыні, як смелыя мары. Але каб яны збыліся, для гэтага неабходны працавітасць, цярпенне і настойлівасць. Усе гэтыя якасці дапамаглі Даніле ў дасягненні пастаўленай мэты. Час праляціць непрыкметна, і, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, Даніла вернецца на сваю малую радзіму, папоўніць рады працаўнікоў лесу, каб унесці свой уклад у агульную справу, накіраваную на захаванне беларускага зялёнага скарбу – нашых лясоў.
Поспехаў табе, будучы інжынер лясной гаспадаркі!
Наталля Мандзік,
класны кіраўнік 11 класа
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад