Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныНовости МостовщиныНаш край

Каб памяць жыла

Каб памяць жыла13 июля 2018 — 09:53

Паміж жыццём чалавека і мястэчка ёсць некаторае падабенства. Як людзі, мястэчкі нараджаюцца, растуць, дасягаюць пэўнага росквіту, потым старэюць і часам знікаюць. Узрост некаторых з іх налічвае шмат стагоддзяў, яны зараз крочаць у будучыню, а некаторыя згубілі сваё колішняе значэнне і веліч. Вось да гэтых, другіх, можна аднесці і мястэчка Пескі. 

 

У часы паміж Сусветнымі войнамі ў мястэчку Пескі знаходзілася паштовая станцыя, былі таксама піваварны і скураны заводы, пражывала 2100 жыхароў, у тым ліку 1200 яўрэяў, 370 палякаў, 450 беларусаў і некалькі татар. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны колькасць яўрэйскага насельніцтва мястэчка павялічылася да 1700 чалавек з ліку бежанцаў з Польшчы. Канцэнтрацыя яўрэяў у мястэчках Заходняй Беларусі, іх традыцыйная прафесійная структура заняткаў у “неземляробчым” сектары часткова абумовілі значную ролю яўрэйскага насельніцтва ў развіцці мястэчак.

 


Пескаўскія яўрэі мелі сваю школу, сінагогу, адну з найпрыгажэйшых у Ваўкавыскім павеце. Гэта быў драўляны будынак сэрэдзіны XVIII стагоддзя. Свае ўражанні аб ёй пакінула Марыя Прушынская з Рагозніцы: “Былі там вазы з Дэльф і падсвечнікі, магчыма, XVII стагоддзя”. Справа ад сінагогі знаходзіліся жылыя дамы і гандлёвыя лаўкі, злева – яўрэйскія могілкі.

 


З першых дзён акупацыі гітлераўцы пачалі наводзіць свае парадкі. Усіх яўрэяў перапісалі, загадалі ім надзець жоўтыя павязкі і нашыць зорку Давіда. Затым цэнтр мястэчка, дзе стаялі гандлёвыя рады з мноствам яўрэйскіх магазінаў, абнеслі калючым дротам. Так зарадзілася яўрэйскае гета ў мястэчку Пескі.

 


Старэйшыя жыхары яшчэ памятаюць страшны дзень 2 лістапада 1942 года, калі ўсіх яўрэяў выгналі з дамоў і накіравалі ў Ваўкавыск. А хворых, старых і нямоглых сагналі ў адну хату і спалілі жывымі. На месцы трагедыі зараз стаіць помнік шасцідзесяці ахвярам фашызму.

 


Членамі гуртка “Юныя экскурсаводы”, які працуе на базе народнага гісторыка-краязнаўчага музея дзяржаўнай установы адукацыі “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”, пры падтрымцы Пескаўскага сельскага Савета і Пескаўскага лясніцтва, распрацаваны праект “Каб памяць жыла”, скіраваны на добраўпарадкаванне і далейшы догляд яўрэйскіх могілак.

 


Пакуль што выяўлены і сфатаграфаваны магільныя пліты, якія захаваліся. Большасць з іх зараз знаходзіцца на дне ракі Зяльвянка, куды немцы загадалі яўрэям сцягваць іх для ўмацавання плаціны. Зняты, паказаны і абмеркаваны з вучнямі старэйшых класаў відэаролік “Не ўсе ахвяры нацызму былі яўрэямі, але ўсе яўрэі былі ахвярамі нацызму”. Падчас рэспубліканскага суботніка пасаджаны дрэўцы каля помніка загінуўшым яўрэям. Гэта толькі пачатак. Надалей плануецца пасадзіць Алею памяці.

 


Пасля вайны ў Песках не засталося яўрэйскага насельніцтва. Іх жыцці абарваліся ў канцлагеры Трамблінка. Усе, хто прымае ўдзел у праекце, могуць сказаць: “Нам не ўсё роўна, і мы пастараемся зрабіць усё магчымае, каб памяць аб іх жыла”. А гэта залатыя словы ў наш неміласэрны час.

 


Р. Вялічка,
кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея дзяржаўнай установы адукацыі “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио