Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультура

Каб невядомае стала вядомым

Каб невядомае   стала вядомым27 октября 2017 — 10:53

 

«Цікавыя і невядомыя рэчы ў сялянскай хаце” - заняткі пад такой назвай арганізуюць і праводзяць работнікі УК “Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”. Іх удзельнікамі становяцца прадстаўнікі розных узроставых груп, нават самыя маленькія -- выхаванцы дзіцячых садоў. У зале “Этнаграфія і быт” прадстаўлены разнастайныя прадметы побыту таго часу: каменныя і драўляныя жорны, драўляная барана, ступа, корабы, ткацкі станок, збанкі і многае іншае. Для сучасных рабят, сапраўды, многія з гэтых прадметаў з’яўляюцца невядомымі, зараз іх не ўбачыш у паўсядзённым жыцці.


Заўсёды з вялікай цікавасцю разглядаюць юныя наведвальнікі куфар 1920 года. Гэты музейны экспанат у свой час належаў Вікторыі Іосіфаўне Стасюкевіч, жыхарцы в.Дзенькаўцы, а перадала яго ў музей яе ўнучка Рома Людвікаўна Масюк з в.Мікелеўшчына.


-- Раней не было шафаў, таму адзенне захоўвалі вось у такім куфары, - звяртаецца да гісторыі Дзіяна Аляксандраўна Струг, галоўны захавальнік фондаў. – З гэтым прадметам звязана ўсё жыццё чалавека. Вельмі важную ролю адыгрываў куфар у лёсе маладой дзяўчыны. Яна рыхтавала і складвала сюды свой пасаг – бялізну, ручнікі, паясы, абрусы, прычым імкнулася запоўніць куфар да краёў. Бо калі нявеста пераязджала ў дом жаніха, то брала яго з сабой і пакідала адкрытым. І гэта зусім не выпадкова. Калі ён быў поўны – лічылася, што нявеста працавітая. А вось па якасці яе тканых работ сведчылі пра талент дзяўчыны. Наогул жа, куфар – сімвал працавітасці і дабрабыту. Ён быў у кожнай сялянскай хаце.


Рабілі куфар з дошак, акаймоўвалі металічнымі палоскамі, замыкаўся ён на замок. Гэты музейны экспанат выклікае цікавасць яшчэ і таму, што яго афармленне выканана ў тэхніцы “цацкавання”. Такая тэхніка прымянялася толькі на Гродзеншчыне. Нашы продкі рабілі ўзоры з дапамогай звычайнай бульбы. Яе разразалі на часткі, у сярэдзіне выразалі ўзор, абмаквалі ў фарбу (атрымліваўся своеасаблівы “штампік”), пасля чаго наносілі на прадмет. Колер, які абавязкова прысутнічаў у афармленні, -- чырвоны, бо, як вядома, гэта колер жыцця. Тут жа можна ўбачыць і саматканую вышываную вопратку, паясы, ручнікі.


Часта ў музей прыходзяць бабулі разам са сваімі ўнукамі, каб пазнаёміць іх з гісторыяй жыцця сялянскай сям’і, з прадметамі даўніны. Пра кожны з іх работнікі музея могуць расказаць шмат цікавага. Каб данесці інфармацыю, выкарыстоўваюць самыя розныя формы работы.


-- Наша музейная дзейнасць вельмі насычаная, а тэматыка заняткаў самая разнастайная, - расказвае М.С. Жвірбля, навуковы супрацоўнік музея. – У нас праводзяцца такія заняткі, як “Добры дзень, музей”, “Як хлеб да стала прыйшоў”, “Гісторыя праса”, “Звяры і птушкі ў беларускіх казках”. Вялікую папулярнасць у апошні час набылі анімацыйныя праграмы ”Гуканне вясны.Саракі”, “Вялікдзень”, “Калядкі – добрыя святкі” і многія іншыя. Важнае значэнне мае выставачная дзейнасць. Мы арганізуем да дзесяці выставак у год. Ладзяцца і выязныя заняткі. Нашы экскурсіі адаптаваны для наведвальнікаў самых розных узростаў. Цікавасць музей выклікае не толькі ў жыхароў раёна, але вобласці, і нават замежжа.


Усе музейныя экспанаты – сведкі мінулага. Многія прадметы побыту перадаваліся ў той час з пакалення ў пакаленне. Вось і куфар, які так вабіць наведвальнікаў, быў перададзены музею ўнучкай яго гаспадыні. А значыць захоўвае гісторыю некалькіх пакаленняў сям’і, чым выклікае яшчэ большую цікавасць. Спадзяемся, што колькасць наведвальнікаў музея штогод будзе павялічвацца, бо ведаць гісторыю павінен кожны.


В.ЦІШКО


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио