
Сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы, Мінск напоўніўся гучаннем вершаў на беларускай мове. Адна з літаратурных пляцовак размясцілася ў Купалаўскім тэатры. Яе арганізаваў Беларускі саюз жанчын.
– Трэці год запар у сэрцы Мінска – у Купалаўскім тэатры – мы збіраемся, каб гучала беларуская мова. Гэта добрая традыцыя Беларускага саюза жанчын з'явілася не з ніадкуль. Сёння мы адзначаем Дзень роднай мовы, і лагічна, што мы чытаем вершы па-беларуску. Мы заўсёды з хваляваннем ставімся да гэтага мерапрыемства. Сюды прыязджаюць з усёй Беларусі і на адной сцэне чытаюць і простыя людзі, і міністры, і іншыя службовыя асобы. Мова – гэта тое, што адрознівае нас ад іншых нацый, таму мы абавязаны яе захаваць, – адзначыла старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская.
Усе ўдзельнікі гэтай творчай сустрэчы выбралі для дэкламавання тыя творы, якія кранулі іх душу. Нашы землякі – сям’я Шлык – прачыталі верш Алеся Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць”.
Разам з мамай Дар’яй Юр’еўнай і татам Максімам Уладзіміравічам (бацькі працуюць у ЗАТ “Гудзевічы”) на сцэне тэатра выступалі іх дзеці Елізавета, Ягор і Любоў. Усе яны вельмі творчыя і актыўныя, захапляюцца музыкай, любяць паэзію, добра малююць, наведваюць дзіцячую школу мастацтваў.
– Мы вельмі любім нашу Беларусь – прыгожую, утульную, васільковую, непаўторную у любую пару года. Колькі прыгожых вершаў і песень прысвяцілі беларускія аўтары нашай любай Радзіме. Хочацца іх расказаць, праспяваць, каб данесці душэўную цеплыню і бязмежную любоў, што захоўваюць гэтыя творы, да кожнага беларуса. І беларуская мова якраз дазваляе перадаць усю палітру пачуццяў. У такія хвіліны душа напаўняецца гонарам за наш таленавіты народ, – падзяліліся думкамі члены сям’і Шлык.
Трэба сказаць, што гэта адзіная сям’я, якая прадстаўляла на ўрачыстым мерапрыемстве Гродзенскую вобласць. А ў зале тэатра іх падтрымлівалі актывісткі Мастоўскай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын разам з яе лідэрам Аляксандрай Саламевіч.
На думку ўдзельнікаў, такія творчыя імпрэзы дазваляюць падкрэсліць шматграннасць беларускай мовы, выказаць ёй сваю пашану, а таксама даць наказ будучым пакаленням берагчы і памнажаць дадзенае нам багацце – мову.
Наталяя ШЭЎЧЫК
Фота прадстаўлена раённай арганізацыяй БСЖ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад