З якой хуткасцю бяжыць час ... Асабліва гэта адчуваецца ў перыяды сацыяльных змен у грамадстве. Любы пераломны момант у жыцці людзей суправаджаецца з’яўленнем новых, часам з цяжкасцю ўспрымаемых, каштоўнасцей. У такі час узнікае жаданне трымацца за штосьці трывалае, непарушнае. Такой апорай у чалавека заўсёды застаецца памяць, якая дае сілы прыняць новае, не страціўшы пры гэтым тое каштоўнае, што назапашана чалавецтвам.
Захавальнікамі памяці заўсёды былі і застаюцца музеі. Для большасці навучэнцаў Беларусі менавіта са школьнага музея і пачынаецца іх грамадзянскае станаўленне. У школьным музеі дзеці ўпершыню пачынаюць асэнсоўваць сваё дачыненне да ўсяго, што адбываецца навокал, а словы Радзіма, родны кут, любоў да Айчыны, подзвіг, патрыятызм напаўняюцца новым сэнсам. Менавіта яму наканавана стаць тым сродкам, які будзе садзейнічаць нацыянальна-культурнаму адраджэнню беларускага народа праз пазнанне непаўторнасці яго гістарычнага шляху, матэрыяльнай і духоўнай культуры, праз усведамленне яе нацыянальнай каштоўнасці ў суквецці славянскай, еўрапейскай і сусветнай культуры. Менавіта дзейнасць музеяў павінна закласці аснову для выхавання чалавека – грамадзяніна, гаспадара сваёй зямлі, адказнага за вынікі сваёй працы і за лёс сваёй краіны.
Выхаваць грамадзяніна…. Што мы робім сёння для гэтага? Што ўкладаем у падрастаючага чалавека? У ДУА «Дубненская сярэдняя школа” абраны шлях выхавання праз адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальных каштоўнасцей беларускага народа. Упэўнены, што вырашэнне многіх праблем залежыць ад узроўню сфарміраванасці грамадзянскай пазіцыі, павагі да нацыянальнай спадчыны. Кожны куточак на Беларусі захаваў свае адметныя асаблівасці, сваю самабытнасць. Застаецца толькі знайсці і зберагчы гэтыя дары. Гэта мы і спрабуем зрабіць у школьным гісторыка-краязнаўчым музеі, які аднавіў сваю працу пасля доўгага перапынку. Тут можна зазірнуць у мінулае, дакрануцца да спадчыны свайго народа.
У нашым школьным музеі, дзякуючы даследчай працы вучняў і настаўнікаў, сабраны багаты матэрыял па этнаграфіі: ткацтва, вышыўка, кавальства, ганчарства, бондарства. Пад кіраўніцтвам былой настаўніцы нашай школы Ніны Іванаўны Дробат была праве-дзена даследчая работа па вывучэнню асаблівасцей дубненскага ручніка. Сабраная калекцыя ручнікоў захоўваецца ў музеі. Аформлены экспазіцыі: “Са старадаўняй гісторыі Дубна”, “Дубненская царква”, “Погляд у мінулае” , “Час і людзі” , “Мясцовая гаспадарка ўчора і сёння”, “Славутыя землякі”, “Дубненшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Сабраны матэрыял пра лёсы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыі адведзена месца і матэрыялам пра славутага песняра дубненскай зямлі Сяргея Крыўца, пра юную піянерку Лідзію Міхайлаўну Вашкевіч, сакратара падпольнай арганізацыі Клаўдзію Іванаўну Чычкову. Знаёмячыся з лёсамі нашых землякоў, школьнікі бачаць яркі прыклад чалавечай шчырасці, працавітасці, талерантнасці і годнасці.
Гасцінна адчыняем дзверы музея не толькі для вучняў, але і для дарослай аўдыторыі. У маі 2013 года на базе ДУА “Дубненская сярэдняя школа” адбылося метадычнае пасяджэнне кіраўнікоў школьных музеяў. Пабывалі на экскурсіі ў музеі і працаўнікі мясцовай гаспадаркі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна.
Пры музеі арганізавана праца гуртка “Юныя экскурсаводы”. Разам з вучнямі мы даследуем мінулае і сучаснае дубненскай зямлі, збіраем матэрыял пра славутых землякоў, якія па-кінулі незабыўны след у гісторыі нашай Бацькаўшчыны.
Вельмі хочацца спадзявацца, што нашы навучэнцы і ў дарослым жыцці будуць людзьмі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, патрыётамі краіны, здольнымі аддаваць усе сілы і веды на карысць Радзіме, якія будуць памятаць свае карані.
Т. ВЯЛІЧКА,настаўнік гісторыі ДУА”Дубненская сярэдняя школа”, кіраўнік школьнага музея
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад