Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизнь

Каб капусту касіць

Каб капусту касіць04 сентября 2017 — 09:03

Лідскія вытворцы прыдумалі камбайн для ўборкі капусты

 

І атрымалі заказ з Далёкага Усходу.

Агрэгат зразае качаны, аддзяляе верхнія лісты і праз транспарцёр адпраўляе капусту ў кантэйнер ці прычэп. За гадзіну камбайн можа сабраць ураджай амаль з паловы гектара. Першымі праверылі новую тэхніку на сваіх палетках фермеры.

Адзін з іх — Генрых Мыслівец з Мастоўскага раёна. Яго спецыялізацыя — вырошчванне гародніны. Пад капусту адведзена 40 гектараў. Дагэтуль вялі нарыхтоўку ўручную. Вядома ж, праца марудная і нялёгкая. Новы камбайн скараціў тэрмін уборкі ў некалькі разоў.

— Эксперымент правялі восенню, — кажа фермер, — тады ўбачылі, на што трэба вытворцам звярнуць увагу, дзе яшчэ дапрацаваць, каб менш траўміраваць качаны. Пажаданні прыняты да ведама.

Такі камбайн варта набыць тым вытворцам, дзе вядзецца прамысловая перапрацоўка капусты, лічыць Генрых Мыслівец. Машына падыходзіць як для позніх сартоў, так і сярэдняспелых. Лепш, калі сабраны ўраджай адразу пойдзе на засолку альбо кансервацыю. Для таго, каб капуста ляжала даўжэй, яе трэба як мага менш траўміраваць. Лідскія канструктары як раз і працуюць над гэтым. Цяпер машына гатова для серыйнага выпуску.

Тэхнічны дырэктар вытворчага аб'яднання «Тэхмаш» Сямён Ягоўдзік запэўніў, што такой машыны больш няма на постсавецкай прасторы. Ды і ў свеце такія камбайны — рэдкасць. Усе вузлы і дэталі лідчане прыдумалі і сабралі на сваёй базе. Па цане камбайн можа канкурыраваць з заходнімі аналагамі.

Пакуль выпушчана толькі пяць адзінак капустаўборачнай тэхнікі. З іх дзве ўжо прададзены на Далёкі Усход расійскім фермерам.

— Купляюць пакуль толькі замежныя фермеры. У нас паўсюдна капусту ўбіраюць уручную, — тлумачыць Сямён Ягоўдзік. — Мы гэты прабел імкнёмся запоўніць. Спадзяемся, што камбайн будзе працаваць і на нашых палетках.

Беларусы таксама праяўляюць інтарэс да навінкі. Фермер Генрых Мыслівец ужо разважае над тым, каб дадаць капустаўборачны камбайн да свайго тэхнічнага парка. Значным плюсам, на яго думку, з'яўляюцца розныя модулі машыны. Адна з мадыфікацый новага камбайна дазваляе зрэзаць качан, аддзяліць лісты і ўручную загрузіць у кантэйнер. Тады лісты застаюцца на полі. Але для фермераў важна скарыстаць усю гародніну. Яшчэ адна мадыфікацыя машыны якраз і робіць гэта аўтаматычна, а загрузка ідзе ў прычэп.

Дарэчы, не так даўно ў Гродзенскім раёне прайшла выпрабаванне машына лідскіх вытворцаў па зборы агуркоў. Ураджай на ёй збіраюць, лежачы на платформах, шырыня якіх складае 18 метраў. Агрэгат сам агуркоў не рве, а толькі вязе работнікаў, якія гэту працу выконваюць. У гэтым сезоне адразу дзве такія машыны набыла адна «рыбная» фірма, якая пачала практыкавацца на вырошчванні гародніны.

Лідскія вытворцы гатовы прапанаваць аграрыям да 120 відаў сельскагаспадарчай тэхнікі. Ёсць у іх арсенале нават такія складаныя агрэгаты, як машына для ўборкі кветканосаў часнаку і машына для абрэзкі цыбулі, лінія сяўбы насення ў спецыяльныя касеты, машына для праполкі суніц і многа іншага. Зараз праходзіць выпрабаванні плёнкаўкладачны камбайн. Як ні дзіўна, але прадпрыемства працуе ў асноўным на экспарт. Туды ідзе 99% тэхнічных сельгаснавінак. У асноўным, гэта краіны Мытнага саюза — Расія, Казахстан, Узбекістан. Купляе тэхніку Украіна. Днямі прадпрыемства наведала дэлегацыя з Гамбурга. Немцы зацікавіліся новымі мадэлямі культыватараў для апрацоўкі глебы.

Чаму беларусы адстаюць ад тэхнічнага прагрэсу, нават маючы сваіх вытворцаў? Ці не атрымаецца, што нашы палеткі будуць толькі палігонамі для выпрабавання сельгастэхнікі, а карыстацца ёй будуць больш прагрэсіўныя замежныя аграрыі?

Маргарыта УШКЕВІЧ, "Звязда"


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио