Сёння Вялікая Бераставіца прымае абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2022”. Сюды з усіх куточкаў Прынёманскага краю з’язджаюцца лепшыя аграрыі, сярод якіх і прадстаўнікі Мастоўшчыны.
Дэлегацыю Мастоўскага раёна ўзначаліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Санько.Удзельнікамі фестывалю сельскіх працаўнікоў таксама сталі першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Раман Рублік, кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Мара” Віктар Кандратовіч, дырэктар ААТ “Чарлёна” Віктар Кулісевіч, вадзіцель гэтай жа гаспадаркі Юрый Улановіч, вадзіцель КСУП “Імя Адама Міцкевіча” Іван Стасевіч, камбайнер ЗАТ “Гудзевічы” Андрэй Мешка.
Здаўна завяршэнне жніва нашы продкі адзначалі вялікім святам, нязменным сімвалам якога быў каравай з зерня новага ўраджаю, што ўвасабляе сабой дабрабаыт і гасціннасць. Добра, што гэтая традыцыя ушаноўваць і дзякаваць хлебаробам за нялёгкую працу дайшла і да нашага часу, бо выказаць шчырыя словы падзякі за “залатыя” рукі, прыродную мудрасць, беражлівыя адносіны да зямлі, вопыт і сонечнасць хлеба лепшым з лепшых – наш святы абавязак.
Абноўленая і па-святочнаму прыбраная Вялікая Бераставіца вітае залаты фонд хлебаробаў Гродзеншчыны гасцінна і сардэчна, з шырока адкрытаю душой. Горад літаральна ззяе свежымі фарбамі, паўсюль гучыць музыка, працуюць гандлёвыя рады. А пасмурнае і халаднаватае надвор’е кампенсуюць шчырыя ўсмешкі, адкрытасць і прыветлівасць мясцовых жыхароў.
Трэба адзначыць, што сёлета Гродзенская вобласць зноў пацвердзіла статус лідара ў вытворчасці зерня. Па выніках жніва ўдалося дасягнуць лепшай у краіне ўраджайнасці зерневых і зернебабовых культур – 50,3 цэнтнера з гектара. Намалочана больш за 1,5 мільёна тон зерня, што амаль на трэць перавышае мінулагодні намалот. І гэта вынік эфектыўнай работы кожнага працаўніка сельскай гаспадаркі вобласці на даручаным участку, людзей працавітых і надзейных, улюбёных у сваю зямлю і сваю хлебаробчую справу.
Усё магчымае, каб дасягнуць добрых вынікаў і дастойна адсвяткаваць “Дажынкі”, зрабілі і аграрыі Мастоўшчыны. Так, па ўраджайнасці і намалоту наш раён уваходзіць у шасцёрку лепшых: сёлета намалочана амаль 72 тысячы тон зерня пры ўраджайнасці 56,3 цэнтнеры з гектара.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
БУДЗЕ ДАПОЎНЕНА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад