Вось і дачакаліся мы лета. Школьнікі ўздыхнулі з палёгкай у прадчуванні доўгіх канікул, калі не трэба вучыць урокі. А іх бацькі ў задуменнасці: як зрабіць і арганізаваць, каб доўгія летнія канікулы прайшлі для дзяцей з карысцю, без траўмаў і балячак? У гэтым зацікаўлены настаўнікі школ і работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Усяго падчас летніх канікул у нашым раёне плануецца аздаравіць 1086 дзяцей. Сваімі меркаваннямі аб арганізацыі аздараўлення дзяцей у час летніх канікул падзялілася галоўны спецыяліст аддзела Вольга Міхайлаўна Нівяртовіч:
—Чатырнаццатага чэрвеня пачнецца першая змена, а пятага ліпеня другая -- у лагеры “Нёман”. Працягласць кожнай змены -- васемнаццаць дзён. Кошт пуцёўкі для бацькоў вагаецца ў залежнасці ад узросту дзіцяці ад 940 тысяч да мільёна 63 тысяч рублёў. Варта зазначыць, што гэта толькі прыкладна палова ад рэальнага яе кошту, астатняя аплачваецца за сродкі дзяржавы.
У раёне практычна пры кожнай школе ў чэрвені будуць дзейнічаць аздараўленчыя лагеры з дзённым знахо-джаннем дзяцей. Працягласць знаходжання ў іх васемнаццаць дзён. Плануецца, што ў іх адпачнуць 630 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Пасля працяглага перапынку аднавілася дзейнасць лагераў працы і адпачынку для старшакласнікаў. Дарослыя, хто вучыўся ў школе ў савецкі перыяд, добра памятаюць такія лагеры, дзе не толькі адпачывалі, але і працавалі. Сёлета дзейнасць такіх лагераў будзе арганізавана пры падтрымцы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Яны будуць працаваць пры гімназіі №1, СШ №2 г. Масты, Правамастоўскай і Лунненскай сярэдніх школах. У такіх лагерах 61 старшакласнік зможа не толькі адпачыць, але і зарабіць грошы на свае патрэбы. Лагеры працы і адпачынку пачнуць работу з 11 чэрвеня, змена ў іх працягнецца васемнаццаць дзён.
Вялікай папулярнасцю ў рабят карыстаюцца профільныя лагеры. Пры падтрымцы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях для вучняў гімназіі №1 і СШ №2 г. Масты з чацвёртага і чатырнаццатага чэрвеня будзе дзейнічаць палатачны лагер “Агняборца” абаронна-спартыўнага накірунку. Яшчэ арганізаваны лагеры гістарычнага, патрыятычнага, спартыўна-аздараўленчага накірункаў. У Пацавічах будзе дзейнічаць лагер “Навука” для адораных дзяцей і тых, хто цікавіцца рознымі навукамі: першая змена пачнецца чацвёртага чэрвеня і бу-дзе фізіка-матэматычнай, а другая -- з шаснаццатага чэрвеня гуманітарнага накірунку. Усяго ў профільных лагерах адпачнуць летам 190 школьнікаў.
Кожны выбірае адпачынак для свайго дзіцяці па свайму густу і кашальку: хто адпраўляе яго ў лагер, нехта -- на ўлонне вясковай цішыні ў госці да бабуляў і дзядуляў.
Усё больш рабят разам з бацькамі летам адпачываюць і за мяжой. Нам, дарослым, трэба паклапаціцца аб тым, каб першага верасня нашы дзеці жывымі і здаровымі, з добрымі ўражаннямі і настроем селі за школьныя парты. Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад