Толькі ў мінулым годзе чатырнаццаць чалавек у нашым раёне атрымалі бюджэтныя субсідыі на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці. Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Кузьмінічна Семянюк, на гэта было выдаткавана 43,9 мільёна рублёў. Кожны з чатырнаццаці беспрацоўных на арганізацыю сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці атрымаў ад 2,8 да 4 мільёнаў рублёў.
Пяць чалавек вырашылі арганізаваць прадпрымальніцкую дзейнасць на сяле: у Вялікіх Азёрках, Песках, Кульшычах і Радзявічах. Для арганізацыі сваёй справы былыя беспрацоўныя выбіралі такія віды дзейнасці, паслугі якія сёння асабліва запатрабаваны на рынку працы: будаўнічыя і рамонтныя работы, сталярныя і цяслярныя паслугі. Арганізацыя рознічнага гандлю, якая раней была вельмі запатрабавана індывідуальнымі прад-прымальнікамі, сёння ўжо не карыстаецца такой папулярнасцю.
Сяргея Васільевіча Паглазава жыццё на трываласць і вынослівасць выпрабоўвае пастаянна. Па стану здароўя ён прыкаваны да інваліднай каляскі. Пенсія па інваліднасці невялікая, і каб дастойна жыць, трэба шукаць нейкі прыработак. Гэта праблематычна і для здаровага , а не тое, што для чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. У даным выпадку Сяргея Васільевіча выручылі не рукі, а розум. Яшчэ раней ён дасканала авалодаў камп’ютарам і вырашыў арганізаваць гандаль камп’ютарамі, фота- і відэатэхнікай праз інтэрнэт-магазін. Вырашана і зроблена, тым больш, што для арганізацыі гэтага віду дзейнаснасці яму таксама была прадастаўлена бюджэтная субсідыя.
—Па жыцці я -- аптыміст,— разважае Сяргей Васільевіч,—не прывык сядзець склаўшы рукі. Калі дзяржава прадаставіла шанц і дапамогу, каб палепшыць сваё матэрыяльнае становішча, грэх іх не выкарыстаць. Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама давалі мне неабходныя кансультацыі, дапамаглі скласці бізнес-план, аформіць неабходныя медыцынскія даведкі. Цяпер я маю занятак, які павінен прынесці прыбытак і надаць упэўнасць у заўтрашнім дні.
Прыкладна гэтак жа разважаюць і астатнія, хто атрымаў субсідыі на арганізацыю і развіццё прад-прымальніцкай дзейнасці. Як сцвярджае М.К. Семянюк, субсідыя на арганізацыю і развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці— рэальны шанц беспрацоўнаму зрабіць у жыцці паварот ці нават круты віраж, за якім раскрываюцца новыя гарызонты. Варта толькі не баяцца гэтых віражоў.
Атрымаць субсідыю на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці рэальна кожнаму жадаючаму. Для гэтага варта прадумаць від дзейнасці, якім чалавек мог бы займацца, прадаставіць ва ўпраўленне распрацаваны ўласны бізнес-план. І яшчэ адна ўмова: чалавек павінен быць афіцыйна зарэгістраваны як беспрацоўны.
Сяргей Мікалаевіч Лазовік субсідыю на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці атрымаў тры гады назад. Ён займаецца будаўнічымі і рамонтнымі работамі. За гэты час паспеў зарэкамендаваць сябе высокаякасным майстрам. На рынку працы яго будаўнічыя паслугі сёння запатрабаваны.
Наладжваць свой бізнес— справа не з лёгкіх. Для гэтага патрэбны асабістая актыўнасць, падтрымка з боку дзяржавы таксама не лішняя. А галоўнае—зацікаўленасць самога чалавека ў выніках справы і цвёрдая перакананасць, што статус прадпрымальніка больш прэстыжны, чым статус беспрацоўнага.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад