Павел Лісай, выпускнік ліцэя №1 г. Гродна, а да гэтага вучань Мікелеўшчынскай школы, на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы атрымаў максімальны вынік— сто балаў. Працягваць вучобу ён будзе ў Маскве.
Здольнасці і цікавасць да матэматыкі ў юнака ад прыроды, не займаць яму і працаздольнасці. Настаўніцы матэтыкі Мікелеўшчынскай школы Але Міхайлаўне Галабурда, а пазней выкладчыкам ліцэя засталося толькі іх паглыбляць і развіваць. Яшчэ з восьмага класа Павел пастаянна ўдзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы рознага ўзроўню і неаднаразова станавіўся пераможцам і прызёрам. Сёлета ён дайшоў да рэспубліканскага этапу, прызавога месца не заняў, затое вопыт набыў вялікі.
Працаздольнасць у хлопца ад сямейнага выхавання, дзе Паўла і яго брата Аляксея бацькі Іван Іосіфавіч і Наталля Леанідаўна вучылі ўсяго дабівацца сваім розумам і працай. Абодва сыны апраўдалі надзеі бацькоў. Старэйшы Аляксей зараз паспяхова закончыў чацвёрты курс Беларускага дзяржаўнага ўні-версітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
На рэпетыцыйным тэсціраванні па матэматыцы Павел першы раз набраў 92 балы а другі —96. І на апошнім рашаючым этапе ўсе матэматычныя задачы юнаку пакарыліся даволі лёгка. Пасля праверкі заданняў нават застаўся нявыкарыстаны час. З аўдыторыі Павел выходзіў не апошнім. Праўда, будучым абітурыентам у час такіх сур’ёзных выпрабаванняў хлопец раіць не спяшацца, а лепш лішні раз усё пераправерыць.
Таленавіты чалавек — таленавіты ў многім. Добры вынік у Паўла і па беларускай мове—89 балаў, крыху менш па фізіцы—58.Як і большасць равеснікаў- хлопцаў, Павел нераўнадушны да спорту. Ён з задавальненнем гуляе ў футбол і займаецца лёгкай атлетыкай. Заняткі спортам дапамагаюць юнаку быць вынослівым і моцным.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
На здымку: Павел ЛІСАЙ -- вучань Мікелеўшчынскай школы і выпускнік ліцэя №1 г. Гродна.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад