Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Харціца – прысмакаў сталіца: расказваем, як аграгарадок гасцей сустракаў і самае смачнае свята ў Мастоўскім раёне святкаваў

Харціца – прысмакаў сталіца: расказваем, як аграгарадок гасцей сустракаў і самае смачнае свята ў Мастоўскім раёне святкаваў26 августа 2026 — 14:39

У мінулыя выхадныя аграгарадок Харціца стаў цэнтрам самага смачнага, душэўнага і доўгачаканага свята – брэндавага мерапрыемства “Харціцкія прысмакі”. На некалькі гадзін гэты населены пункт пераўтварыўся ў сапраўдную кулінарную сталіцу.

Чаго тут толькі не было! Адмысловыя бліны, духмяныя пірагі, салодкая клубнічка, быццам толькі што з агарода, мяса на вуголлі, каўбаскі харціцкія і бутэрброды-грыбочкі – сталы гнуліся ад духмяных ды смачных пачастункаў, а душа спявала ад радасці і добрага настрою!

І ўсё гэта – дзякуючы загадчыцы Харціцкага цэнтра вольнага часу і культуры Людміле Москаль і мясцовым гаспадыням. Апошнія, дарэчы, здзівілі не толькі сваімі кулінарнымі шэдэўрамі, але і артыстызмам, вакальнымі і аратарскімі здольнасцямі. Так што гэта было не толькі пахуча і смачна, але яшчэ весела і гучна!

Па даўняй беларускай традыцыі (нашы продкі любую вялікую справу і светлае свята пачыналі з сустрэчы дарагіх гасцей хлебам-соллю) пышны каравай, што сімвалізуе гасціннасць, мір, дабрабыт і адкрытае сэрца, уручылі старшыні Дубненскага сельвыканкама Алене Рагацэвіч.

У сваю чаргу, Алена Віктараўна цёпла прывітала ўдзельнікаў свята:

– Паважаныя жыхары Харціцы, ужо другі год я ўдзельнічаю ў вашым свяце.  Якое ж яно душэўнае, вясёлае, смачнае і самабытнае! З асаблівай асалодай і вялікім задавальненнем, я бачу гэта па добразычлівых усмешках, людзі прыходзяць у цэнтр культуры, каб адпачыць душой, адчуць еднасць з мінулым, з традыцыямі нашых продкаў і стаць адным цэлым. Сёлета, у Год беларускай жанчыны, свята набыло нейкую асаблівую адметнасць і сэнс. А ўсё таму, што кожная гаспадыня ўклала ў прыгатаваную страву цяпло сваёй душы, добрыя думкі і памкненні. Жадаю ўсім добрага настрою, смачным кулінарных адкрыццяў і цудоўнага адпачынку.

Алена Віктараўна таксама прыйшла не з пустымі рукамі: аўтарскія соусы з таматаў, вырашчаных і прыгатаваных умелай гаспадыняй, прыйшліся да смаку ўдзельнікам мерапрыемства.

Пасля пачалося сапраўнае гулянне. Асабліва спадабалася ўсім пераўвасабленне харціцкіх жанчын і юных артыстаў у знакамітых кінагерояў (Шурыка, цара Івана Васільевіча, паварыху Тосю, Міласлаўскага і Ульяну Андрэееўну, дзеда Міцю і цётку Шуру), якія адправіліся на машыне часу ў мінулае. Гэта было так дакладна, так гарманічна і праўдзіва!

Дружнымі апладысментамі віталі слухачы і канцэртныя нумары, падрыхтаваныя як мясцовымі артыстамі, так і выканаўцамі з Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры. Дарэчы, госці з Гудзевіч парадавалі і конкурснай праграмай “У гасцях у Сымоніхі і Лявоніхі”, дзе спатрэбіліся вясковая кемлівасць і дасціпнасць.

А завяршылая свята дэгустацыяй страў, прыгатаваных на вуголлі, і танцамі, якія яшчэ танцавалі нашы прабабулі і прадзядулі.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».

Назад
Идет подписка О газете Контакты