Паспяхова завяршылася традыцыйная рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу” ў Пескаўскай школе, якая працягвалася з 28 сакавіка па 4 красавіка. У мерапрыемствы, звязаныя з аховай лесу, памнаженнем яго багаццяў, актыўна ўключыліся члены школьнага лясніцтва, а гэта амаль усе старшакласнікі школы. Аб гэтым паведаміла рэдакцыі кіраўнік школьнага лясніцтва Тамара Раманаўна Рагацэвіч.
На працягу тыдня школьнікі ўдзельнічалі ў самых разнастайных і цікавых экалагічных мерапрыемствах. Яны пасадзілі маладыя хвойкі на плошчы 2,8 гектара, а яшчэ раней насаджвалі 3 тысячы двухгадовых хвоек на ранейшых пасадках, дзе дрэўцы не прыжыліся. Юныя лесаводы правялі акцыю “Мой чысты лес”, у час якой чысцілі ад смецця бліжэйшы ад школы лес.
З цікавасцю рабяты ўключыліся ў ажыццяўленне экалагічнага праекта “Вушастая сава — птушка 2015 года”. Вынік гэтага праекта: вучні змайстравалі і развесілі ў лесе шэсць савіных гнёздаў. Завяршыўся “Тыдзень лесу” на лірычнай хвалі. Аматары паэзіі ўдзельнічалі ў конкурсе чытальнікаў вершаў, прысвечаных лесу.
У канцы красавіка юныя лесаводы Пескаўскай школы плануюць прыступіць да закладкі міні-дэндрапарка паблізу школы. Плануецца высадзіць да 150 саджанцаў.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад