Для юных лесаводаў Струбніцкага дзіцячага сада - сярэдняй школы традыцыйная рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу” — перыяд актыўных дзеянняў, накіраваных на памнажэнне і ахову лясных багаццяў.
Як паведаміла кіраўнік школьнага лясніцтва “Абаронцы лесу” Тамара Раманаўна Рагацэвіч, сёлета ў рамках традыцыйнай рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу” трынаццаць членаў школьнага лясніцтва наводзілі парадак у мясцовым лесе. Старшакласнікі ачысцілі ад бруду і завалаў 30 гектараў лясных угоддзяў і вывезлі на звалку звыш трох тон смецця. За гэта рабяты заслужылі падзяку ад ляснічага Пескаўскага лясніцтва Юрыя Іосіфавіча Казлоўскага.
А для выпускнікоў Струбніцкай школы братоў Дзмітрыя і Аляксандра Норыкаў работа ў школьным лясніцтве ў свой час прадвызначыла далейшы лёс. Яны сталі студэнтамі Мінскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Зараз старэйшы з братоў Дзмітрый ужо працуе на Гомельшчыне.
У бліжэйшых планах юных лесаводаў — удзел у пасадцы лясных культур, які затрымала сёлетняя позняя вясна. А напярэдадні школьнікі з задавальненнем удзельнічалі ў эка-эрудыцыёне, дзе дэманстравалі веды па правілах аховы лясных угоддзяў, веданні звяроў, птушак, раслін сваёй мясцовасці. Вучоныя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы далучылі школьных лесаводаў да навуковай і даследчай работы.
Па іх заданню дзесяцікласніцы Вераніка Саўчук і Ганна Чарніцкая вывучаюць расліны нашай мясцовасці, якія занесены ў Чырвоную кнігу. З дакладам яны ўжо выступілі на рэспубліканскай навукова- практычнай канферэнцыі школьнікаў. У планах юных даследчыкаў -- стварэнне Чырвонай кнігі жывёльнага і расліннага свету Мастоўшчыны, матэрыял для якой ужо амаль што гатовы. Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад