На працягу дня 18 мая Гудзевіцкі музей гасцінна прымаў наведвальнікаў. У Міжнародны дзень музеяў для ўсіх жадаючых была магчымасць бясплатна наведаць нашу ўстанову, а гасцей было шмат. Да нас прыйшлі амаль усе вучні Гудзевіцкай сярэдняй школы. Дзеці прынялі актыўны ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Сялянская хата на скарбы багата”, якая дэманструе талент і майстэрства нашых продкаў. Адчуць прывабнасць, мілагучнасць і сакавітасць нашай роднай беларускай мовы , а таксама паказаць свае веды можна было, прыняўшы ўдзел у гульні “Шануй родную мову”.
У рамках праекта “Гудзевічы – здаровы аграгарадок” была наладжана сустрэча з урачом мясцовай амбулаторыі Уладзімірам Валошчыкам, які пазнаёміў прысутных з шэрагам лекавых раслін, іх якасцямі і правіламі прыёму. Для замацавання гэтых ведаў мы прапанавалі комплекс заданняў у выглядзе віктарыны “Па здароўе да маці-Прыроды”.
І якія ж госці без пачастункаў! Духмяны чай, завараны на лекавых травах, атрымаў кожны ўдзельнік. І на гэтым не спыніліся! Сумесна з работнікамі філіяла “Гудзевіцкі цэнтр вольнага часу і культуры” пазнаёмілі прысутных з нацыянальнай культурай беларусаў праз традыцыйныя народныя песні і танцы. Акрамя гэтага, усе жадаючыя мелі магчымасць зрабіць здымак на памяць на фоне фотазоны #ГоднаеРоднае.
Лілія Рэйшэль,
ст.навуковы супрацоўнік УК “Гудзевіцкі дзяржаўны
літаратурна-краязнаўчы музей”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад