30 ноября 2025 — 10:55
Напярэдадні і ў час самых чароўных святаў – Новага года і Каляд – Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей падрыхтаваў для сваіх наведвальнікаў унікальную праграму, здольную падарыць незабыўныя ўражанні і дарослым, і дзецям.
Музей становіцца сапраўдным цэнтрам зімовай казкі, дзе гісторыя сустракаецца з сучаснай весялосцю, а старадаўнія традыцыі пераплятаюцца з атмасферай радасці і творчасці.
Галоўнай падзеяй стане, вядома ж, забаўляльная праграма “Гудзевіцкая хата Дзеда Мароза” з удзелам дзеда Зюзі, гаспадара зімовых завей, і яго ўнучкі Завейкі. Тут, у сценах Гудзевіцкай хаткі, яны паўстануць перад публікай у адмысловым, атмасферным вобразе, нібы сышлі са старонак добрых казак. Дзеці змогуць акунуцца ў свет цудаў, разгадаць загадкі, паўдзельнічаць у вясёлых гульнях . Гэта выдатная магчымасць зрабіць унікальныя святочныя фатаграфіі на фоне гістарычнага інтэр’ера, якія стануць па-сапраўднаму каштоўным успамінам.
А яшчэ музей запрашае акунуцца ў атмасферу сапраўдных калядак! Наведвальнікі тэатралізаванага мерапрыемства “Калядкі – добрыя святкі” змогуць пазнаёміцца са старажытнымі абрадамі, пачуць аўтэнтычныя калядныя песні, убачыць традыцыйныя касцюмы калядоўшчыкаў і нават стаць часткай гэтага жывога народнага дзейства. Гэта выдатная магчымасць дакрануцца да вытокаў нацыянальнай культуры.
Для тых, хто хоча не толькі глядзець, але і тварыць, музей адкрые дзверы сваёй святочнай майстэрні. Тут кожны жадаючы – ад малога да вялікага – зможа паўдзельнічаць у займальным майстар-класе па вырабе навагодніх цацак з сасновых шышак “Вавёрчын падарунак”. Пад чулым кіраўніцтвам вопытнага майстра, даючы волю фантазіі, вы створыце унікальныя ёлачныя ўпрыгожванні. Гэта не толькі прыемны вольны час і магчымасць асвоіць новыя навыкі, але і шанс забраць з сабой часцінку навагодняга чараўніцтва, зробленага сваімі рукамі.
Не прапусціце магчымасць правесці навагоднія святы па-асабліваму! Праграма прадстаўленняў, даты, а таксама інфармацыя аб кошце білетаў даступны на сайце Гудзевіцкага музея або па тэлефонах: 8(01515) 3-93-10, 8(01515) 3-93-12. Рэкамендуецца папярэдні запіс.
Прыходзьце ў Гудзевіцкі музей за порцыяй сапраўднага навагодняга цуда, якое сагрэе душу і пакіне самыя цёплыя ўспаміны на ўвесь будучы год!
Марына Батвіноўская,
старшы навуковы супрацоўнік
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад