20 февраля 2026 — 13:03
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Да гэтай даты прымеркаваны шэраг мерапрымстваў, семінараў, творчых сустрэч і інтэрактыўных заняткаў, накіраваных на захаванне і развіццё беларускай мовы. Штогод усё больш жадаючых далучаецца да рэспубліканскай дыктоўкі па беларускай мове, каб не толькі праверыць сваю граматнасць, успомніць правілы са школьнага курса, але і адчуць сябе часткай вялікага адукацыйна-культурнага праекта.
– Родная мова – гэта трывалы мост паміж пакаленнямі, які злучае сучаснасць і будучыню, нагадвае аб важнасці духоўных каштоўнасцей нашага народа, аб’ядноўвае людзей у адно цэлае, – адзначае адна з удзельніц дыктоўкі, загадчык сектара культуры Мастоўскага райвыканкама Анастасія Палуйчык.
– Ёсць тое, што ўсіх нас аб’ядноўвае, – гэта Радзіма і мова. Дзень роднай мовы – асаблівае свята, таму што без мовы няма народа. Кожны чалавек павінен ведаць і паважаць мову сваёй краіны. Важна разумець, што мова – гэта наша багацце, наш выток і наша будучыня, – дапаўняе кіраўнік лялечнага тэатра “Пятрушка” Мастоўскага РЦК Галіна Васілеўская, якая да таго ж і сама піша вершы на беларускай мове.
У адным з памяшканняў раённай бібліятэкі, якая сёлета стала месцам напісання дыктоўкі, стаіць цішыня. Чуваць толькі скрып ручак па паперы, ды звонка гучыць голас бібліёграфа аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Алены Рабецкай, якая выступае ў ролі “настаўніка”.
Сімвалічна, што сёлетняя дыктоўка прысвечана Году беларускай жанчыны. Тэкст дыктоўкі расказвае пра народную артыстку Беларусі і Савецкага Саюза Галіну Кліменцьеўну Макараву, якая сыграла сотні роляў у тэатры і кіно. Кожная яе гераіня – гэта зборны вобраз беларускай жанчыны, якая ўмее і працаваць, і кахаць, і чакаць, і пастаяць за родных і краіну.
Акрамя таго, Галіна Кліменцьеўна любіла кнігі, захаплялася гістарычнымі раманамі і вышываннем. А яшчэ яна вельмі любіла працаваць на зямлі. Мала хто ведае, што ў свой час Галіна Кліменцьўена падтрымлівала шэфства над кветнікамі на плошчы Перамогі ў Мінску. Усё сваё жыццё яна імкнулася рабіць дабро…
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад