Матчына мова…, родная мова… Гэта не проста словы. Для кожнага з нас, беларуса, яны гучаць асабліва сардэчна і грэюць душу. З беларускай мілагучнай калыханкай немаўлятка пачынае пазнаваць свет, а калі падрастае, даведваецца, што нарадзілася ў Беларусі, а родная мова яго – беларуская.
Тыдзень беларускай мовы “Роднай мовы гук чароўны”, які пачаўся 19 лютага ў дзяржаўнай установе адукацыі “Гімназія №1 імя Данілы Іванавіча Валковіча г. Масты”, даў магчымасць вучням і настаўнікам акунуцца ў свет роднай мовы актыўней, чым у звычайныя дні. Шмат цікавых мерапрыемстваў і спраў было прапанавана вучням розных класаў.
Свае артыстычныя здольнасці паказалі вучні 4 класаў на конкурсе чытачоў “Роднае слова – лепшае слова”, трэцякласнікі ў час інтэлектуальнага турніру “Таямніцы роднай мовы” мераліся ведамі пра родную мову, пяцікласнікі далучыліся да тыдня праз экскурсію “Аб родным краі роднай мовай” у музеі гімназіі.
Дзень 21 лютага ў змесце тыдня асаблівы, так як менавіта ў гэты дзень святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы. У гімназіі ён пачаўся з акцыі “Прывітаемся на роднай мове”. На стэндзе і вучні, і настаўнікі з дапамогай інформ-дайджэста “21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы” былі запрошаны да ўдзелу ў Рэспубліканскай дыктоўцы, прымеркаванай да гэтага свята, у музычным марафоне “Мова родная – мова модная”, у турніры знаўцаў беларускай мовы, а таксама ў чэленджы “Дзень роднай мовы”, што быў абвешчаны дзяржаўнай установай адукацыі “Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства”.
Тыдзень працягваецца, шмат цікавага чакае нашых вучняў, пазнавальнага і змястоўнага: удзел у конкурсе “Буслік”, фотаконкурсе “Я люблю беларускую мову”; флаер-фэст “Букет роднай мове”, напісанне віншавальных павштовак “Пажаданні роднай мове” і іншыя. Спадзяюся, што гэтыя мерапрыемствы пакінуць след у душах нашых дзяцей і яны яшчэ раз для сябе адзначаць: каб лепш ведаць родную мову, на ёй трэба размаўляць, і не толькі ў такія святы ці на працягу тыдня, а як мага часцей, бо, як казаў Змітрок Бядуля, “шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб”.
Валянціна Бярозава,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
дзяржаўнай установы адукацыі
“Гімназія №1 імя Данілы Іванавіча Валковіча г. Масты”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад