Нядаўна ў сценах пятай гарадской школы гучала польская мова, там праводзіўся раённы конкурс чытальнікаў польскай паэзіі. Ён праводзіўся пад эгідай аддзела адукацыі райвыканкама і раённай арганізацыі «Саюз палякаў на Беларусі».
Самай юнай прыхільніцай польскай паэзіі аказалася пяцігадовая выхаванка Лунненкага дзіцячага сада Марыя Сідар, якая па прычыне свайго ўзросту ўдзельнічала па-за праграмай конкурсу. Маша вельмі натхнёна дэкламавала верш і заваявала спецыяльны прыз сімпатый гледачоў. Лунненскі дзіцячы сад—адзіны ў раёне, дзе дашкольнікі пад кіраўніцтвам Алены Антонаўны Лунеўскай на занятках гуртка з задавальненнем вывучаюць польскую мову.
Усяго ў раённым конкурсе польскай паэзіі ўдзельнічалі 14 чалавек з сямі школ раёна, дзе вывучаецца польская мова.
Вынікі падводзіліся ў трох узроставых групах. Пераможцамі сталі вучаніца 4 класа СШ №5 г. Масты Юлія Палубятка, дзевяцікласніца Правамастоўскай школы Настасся Сапежынская і вучаніца 11 класа СШ №5 г. Масты Ганна Старавойтава. Дапамаглі дзяўчынкам дастойна падрыхтавацца да конкурсу настаўнікі К.С. Якімчык і А. Ц. Пятрашка.
Ужо не першы раз удзельнічалі ў конкурсе польскай паэзіі Ганна Квартнік, Гражына Лісоўская, Кацярына Шчука.
Пераможцы і прызёры раённага конкурсу былі адзначаны дыпломамі і сувенірамі.
Пятага лістапада пераможцы прымуць удзел у абласным конкурсе польскай паэзіі, які пройдзе ў Гродне ў СШ №36.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад