Краязнаўчы музей пад такой назвай працуе ў ДУА “Гімназія №1 г.Масты”. Гэта адна са старэйшых устаноў адукацыі горада, гісторыя якой налічвае больш за 80 гадоў, а таму і экспанатаў было сабрана багата. Каб захаваць іх і перадаць нашчадкам, з 2005 года тут арганізавана работа музея. Яго нязменным кіраўніком з’яўляецца настаўнік гісторыі Л.Г.Дзямешчык.
У мінулым навучальным годзе для музея быў выдзелены асобны прасторны кабінет, дзе зручна размясціліся экспазіцыі.
-- Зараз наш краязнаўчы музей прапануе ўвазе наведвальнікаў тры раздзелы, -- адзначае Лілія Генрыхаўна. – Гэта раздзел “Да вытокаў душой дакрануўшыся”, дзе прадстаўлены этнаграфічны матэрыял: прадметы сялянскага побыту і прылады працы, якія расказваюць пра народныя рамёствы. У раздзеле, прысвечаным гісторыі нашай установы адукацыі, яскрава вылучаюцца тры перыяды – польскі час, савецкі і сучасны этап. Гісторыя гімназіі непарыўна звязана з гісторыяй краіны. Тут вы можаце ўбачыць і школьную форму, і ўзнагароды выпускнікоў, і падручнікі розных часоў, і многае іншае. Экспазіцыі “Гады, апаленыя вайной” і “Іх подзвіг бессмяротны” – гэта трэці раздзел, прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны.
Школьны музей карыстаецца вялікай цікавасцю ў наведвальнікаў. Адзначым, што сюды прыходзяць не толькі навучэнцы гімназіі, але і іншых школ раёна. Бываюць тут і замежныя госці. Так, нядаўна музей наведала польская дэлегацыя.
Адзінаццацікласнікі Мікіта Новікаў і Данііл Чохан з цікавасцю вывучаюць гісторыю.
-- Наведваючы музей, мы атрымліваем шмат карыснай і пазнавальнай інфармацыі, -- гавораць юнакі. – Мы з інтарэсам слухаем пра нашых землякоў, якія прымалі ўдзел у абароне і вызваленні Мастоўскага раёна, ганарымся выпускнікамі гімназіі, нам ёсць на каго раўняцца, браць прыклад.
Сапраўды, у свой час выпускнікамі гэтай установы былі намеснік Міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь у 90-я гады М.К.Лісай, доктар медыцынскіх навук, прафесар Э.У.Куляшова, актрыса Т.Л. Баўкалава і многія іншыя.
Адметна, што экскурсіі праводзяць самі навучэнцы – сямікласнікі Э. Лапіч, В. Папкова, А. Лупач, Г. Дзікевіч і П. Макарэвіч. Так яны не толькі выдатна вывучаюць гісторыю сваёй установы, свайго краю, але і спрабуюць сябе ў прафесіі экскурсавода.
-- Нам вельмі падабаецца, калі экскурсіі праводзяць гімназісты, -- адзначае Арына Маслоўская, вучаніца 11 “Б” класа. – Інфармацыя падаецца даступна і цікава. Я часта наведваю музей. Тут многа экспанатаў, якія ўражваюць. Вось, напрыклад, дзённік 1941 года, які належаў вучню гэтай установы адукацыі К.В. Арцімовічу. Гэты прадмет расказвае, як вучыліся школьнікі яшчэ ў даваенны час. Гэта даволі рэдкі музейны экспанат.
Л.Г. Дзяме-шчык імкнецца выкарыстоўваць самыя разнастайныя формы работы. Тут ладзяцца ўрокі мужнасці, гадзіны зносін, інфармацыйныя гадзіны і інш. Часта арганізуюцца мерапрыемствы ў шосты школьны дзень і канікулярны час. Кіраўнік музея праводзіць пошукавую работу па зборы экспанатаў, да якой актыўна далучае рабят. З цікавасцю прымалі ўдзел гімназісты ў раённай акцыі “Падары музею экспанат”, падчас якой каля 30 новых прадметаў знайшлі сваё месца ў экспазіцыях. Штогод музейны фонд папаўняецца. А гэта значыць, што цікавасць навучэнцаў да музея таксама расце.
В.ЦІШКО
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад